1 Якуб, слуга Бога і Госпада Ісуса Хрыста, вітае дванаццаць пакаленняў, што ў расцярушанні. 2 Браты мае! Уважайце сабе за вялікую радасць, калі трапляеце ў розныя спакусы. 3 Ведайце, што выпрабаванне веры вашай выклікае цярплівасць. 4 Цярплівасць жа будзе мець дасканалае дзеянне, каб вы былі дасканалымі ды беззаганнымі, без ніякіх недахопаў. 5 Калі ж каму з вас не хапае мудрасці, хай просіць яе ў Бога, Які дае ўсім шчодра і без дакораў, і будзе дадзена яму. 6 Хай жа ён просіць з вераю, ані крыху не сумняваючыся, бо хто сумняваецца, той падобны да марской хвалі, якую вецер падымае і ганяе. 7 Хай гэткі чалавек не спадзяецца атрымаць што-колечы ад Госпада, 8 чалавек дваісты ў душы, нетрывалы на ўсіх сваіх шляхах. 9 Хай пакорны брат ганарыцца сваім узвышэннем, 10 а багаты – сваім прыніжэннем, бо праміне ён, як краска палявая. 11 Бо ўзышло ўпальнае сонца і высушыла траву, ды апала краска яе, і знік прыгожы выгляд яе. Так і багаты змарнее на шляхах сваіх. 12 Шчасны чалавек, які выстаіць у спакусе, бо па выпрабаванні атрымае вянок жыцця, які абяцае Бог тым, што любяць Яго. 13 Хай ніхто спакушаны не кажа: «Бог мяне спакушае», бо Бог не спакушаецца ліхам ды Сам нікога не спакушае. 14 Спакушаецца кожны сваёй пажадлівасцю, захоплены яе прывабнасцю. 15 А пажадлівасць, пачаўшы, спараджае грэх, а грэх, калі бывае ўчынены, спараджае смерць. 16 Не дапускайце аблуд, браты мае найдаражэйшыя! 17 Усякае дабро, што нам даецца, ды ўсякі дар дасканалы з вышыні ад Айца святла сыходзіць, у Якога няма перамены, ані ценю зменнасці. 18 Нарадзіў Ён нас словам праўды з уласнай волі, каб былі мы першакамі Яго стварэнняў. 19 Ведайце, браты мае дарагія: хай кожны чалавек будзе хуткі да слухання, павольны да гутаркі ды няскоры да злосці. 20 Бо злосць чалавека не спрычыняецца да справядлівасці Божай. 21 Таму адкіньце ўсякі бруд і лішнюю злосць і з пакораю прымайце засеянае слова, каторае можа збавіць душы вашы. 22 Будзьце выканаўцамі слова, а не толькі слухачамі, якія саміх сябе ашукваюць. 23 Бо калі хто толькі слухае слова, а не выконвае яго, ён падобны да чалавека, які аглядае прыроджанае аблічча сваё ў люстэрку; 24 бо ён паглядзеў на сябе, і адышоўся, і зараз забыўся, якім ён быў. 25 Хто ж пранікне ў дасканалы закон свабоды і вытрывае ў ім, той станецца не слухачом, які забываецца, але выканаўцам справы, і шчасны будзе ў сваёй дзейнасці. 26 Калі сярод вас хто думае, што ён пабожны, а не трымае языка свайго, ашукваючы сэрца сваё, таго пабожнасць пустая. 27 Пабожнасць праўдзівая і беззаганная перад Богам і Айцом вось якая: апекавацца над сіротамі і ўдовамі, дапамагаючы ў іх бедах, ды ўсцерагчыся беззаганным ад гэтага свету. |
© МХРБ «Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь», 2017
Bible Society of Belarus (the Republic of)