ГАБРЭЯЎ 13 - Кнігі Святога Пісання - Біблія - Біблія — пераклад Чарняўскага (выданне 2017 года)1 Няхай трывае між вамі братняя любоў. 2 Не забывайцеся пра гасціннасць, бо дзякуючы ёй некаторыя, не ведаючы, анёлам аказалі гасціннасць. 3 Памятайце пра вязняў, як быццам і вы разам з імі былі зняволенымі, і пра тых, што ў бедах і хваробах, бо і вы самі маеце цела. 4 Няхай ва ўсіх будзе ў пашане шлюб і ложак беззаганны, бо распуснікаў і чужаложнікаў судзіць будзе Бог. 5 Хай будуць норавы без сквапнасці; будзьце задаволены тым, што маеце. Бо Ён сказаў: «Не адхінуся ад цябе і не пакіну цябе». 6 Так што адважна мы кажам: «Госпад – Успаможца мой, не збаюся, бо што зробіць мне чалавек?» 7 Памятайце пра настаўнікаў вашых, якія абвяшчалі вам слова Божае і, бачачы вынікі іх жыцця, будзьце [іх] пераймальнікамі ў веры. 8 Ісус Хрыстос Той самы ўчора, сёння і навекі. 9 Не дайцеся звесціся рознымі чужымі вучэннямі. Найлепш бо мацаваць сэрца ласкаю, а не ежаю, якая не дапамагла тым, што пайшлі за ёю. 10 Маем ахвярнік, з якога не маюць права есці тыя, якія паслугуюць у палатцы. 11 Бо целы тых жывёлін, кроў якіх за грэх прыносіцца першасвятаром у святое, паляцца за лагерам. 12 Таму і Ісус, каб усвяціць народ Сваёй Крывёю, быў замучаны за брамаю. 13 Дык выйдзем жа і мы да Яго за лагер, пераносячы разам з Ім зганьбаванне, 14 бо не маем тут трывалага горада, але шукаем будучага. 15 Дык праз Яго заўсёды будзем складаць ахвяру хвалы Богу, гэта значыць плод вуснаў, што праслаўляюць Яго імя. 16 Не забудзьцеся пра дабрадзейнасць і супольнасць, бо такія ахвяры мілыя Богу. 17 Слухайце настаўнікаў вашых і падпарадкоўвайцеся ім, бо яны чуваюць над душамі вашымі, як абавязаныя даць справаздачу. Дык няхай яны гэта з радасцю выконваюць, а не са стогнамі, бо гэта не на карысць вам. 18 Маліцеся за нас, бо мы ўпэўнены ў тым, што маем добрае сумленне, жадаючы ва ўсім рабіць добра. 19 Асабліва прашу вас зрабіць так, каб чым хутчэй быў я вернуты вам. 20 Бог жа супакою, Які ўваскрасіў з мёртвых вялікага Пастыра авечак у Крыві вечнага запавету, Госпада нашага Ісуса, 21 хай удасканаліць вас ва ўсякай справе добрай, каб спаўнялі вы Яго волю, выконваючы ў нас, што Яму падабаецца, праз Ісуса Хрыста, Якому слава на векі вечныя. Амін. 22 Прашу ж вас, браты, прыміце слова заахвочвання, бо толькі трохі напісаў я вам. 23 Ведайце, што брат наш Цімафей выпушчаны; з ім разам, калі хутка прыбудзе, пабачу вас. 24 Прывітайце ўсіх вашых настаўнікаў і ўсіх святых. Вітаюць вас тыя, што з Італіі. 25 Ласка з вамі ўсімі. Амін. |
© МХРБ «Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь», 2017
Bible Society of Belarus (the Republic of)