Біблія онлайн

Аб'явы

Усю біблію Стары Запавет Новы Запавет


ВЫХАД 25 - Кнігі Святога Пісання - Біблія - Біблія — пераклад Чарняўскага (выданне 2017 года) Кнігі Святога Пісання - Біблія - Біблія — пераклад Чарняўскага (выданне 2017 года)
ВЫХАД 25

1 І сказаў Госпад Майсею, кажучы:

2 «Скажы сынам Ізраэля, каб сабралі для Мяне дары; прыміце іх ад кожнага чалавека, які прапануе дар добраахвотна.

3 А вось тыя рэчы, якія вы павінны прыняць: золата, срэбра і медзь,

4 і пурпур, і гіяцынт, і чырвань, і вісон, казіную поўсць,

5 і шкуры бараноў, пафарбаваныя ў чырвоны колер, і шкуры сінія, і дрэва акацыі,

6 алей для каганцоў, вострыя духмяныя рэчывы, каб прыгатаваць алейкі і найсаладзейшае курэнне,

7 камяні оніксавыя і самацветы на аздабленне эфода і нагрудніка.

8 І хай зробяць Мне святыню, і Я буду жыць паміж іх.

9 Усё цалкам адносна скініі, як Я табе пакажу, і ўсе пасудзіны на служэнне ў ёй, зрабіць такім чынам.

10 Хай зробяць яны каўчэг з дрэва акацыі; даўжыня яго хай мае два локці з паловаю, шырыня — паўтара локця, вышыня таксама паўтара локця.

11 І пакрыйце яго найчысцейшым золатам знутры і звонку; і зрабі вакол яго залаты вянок,

12 і адальеце да яго чатыры залатыя кольцы, якія ўмацуйце на чатырох ніжніх вуглах каўчэга: два кольцы хай будуць на адным яго баку, і два — на другім.

13 Зрабі таксама з дрэва акацыі жэрдкі і пацягні іх золатам.

14 І прасунь іх у кольцы, што на абодвух баках каўчэга, каб несці яго з іх дапамогаю.

15 Яны заўсёды будуць заставацца ў кольцах і не будуць ніколі з іх вымацца.

16 І ўкладзі ў каўчэг сведчанне, якое Я дам табе.

17 Зрабі таксама перамольню з найчысцейшага золата: даўжыня яе хай мае два з паловаю локці, а шырыня — паўтара локця.

18 Зрабі таксама двух херубінаў, з золата і чаканнай працы, з абодвух бакоў перамольні,

19 адзін херубін хай будзе на адным баку, а другі — на другім; зрабі херубінаў на перамольні, на абодвух баках яе.

20 Хай узнімаюць крылы ўгору і закрываюць сваімі крыламі перамольню; і хай яны глядзяць адзін на аднаго, і твары іх будуць звернуты да перамольні,

21 якою павінен закрывацца каўчэг, у які пакладзі сведчанне, якое Я дам табе.

22 І буду сустракацца там з табою, па-над перамольняй, паміж двух херубінаў, якія будуць над каўчэгам сведчання, буду гаварыць з табою пра ўсё, што загадаю праз цябе сынам Ізраэля.

23 Зрабі таксама стол з дрэва акацыі, што мае два локці даўжыні, і локаць у шырыню, і паўтара локця ў вышыню.

24 І пакрый яго найчысцейшым золатам; і зрабі на ім вакол залаты вянок.

25 Таксама зрабі для яго ліштву вышынёю ў чатыры пальцы навокал; зрабі і залаты вянок над ёю.

26 Падрыхтуй чатыры залатыя кольцы і ўмацуй іх на чатырох вуглах для кожнай ножкі таго стала.

27 На ліштве хай будуць залатыя кольцы, каб прасунуць у іх жэрдкі і каб стол можна было насіць.

28 А самі жэрдкі зрабі з дрэва акацыі і аздобі іх золатам, і будуць насіць з іх дапамогаю стол.

29 Прыгатуй і чары, і фіялы, і кратэры, і кіяфы, у якіх патрэбна прыносіць узліванні — з найчысцейшага золата.

30 І кладзі на стол хлябы пакладныя перад абліччам Маім заўсёды.

31 Зрабі таксама падсвечнік чаканны з найчысцейшага золата. Падножжа і стрыжань яго, чары і яблыкі з кветкамі хай будуць адлітыя ў адно цэлае.

32 Шэсць галін павінны выходзіць з бакоў, тры галіны з адного боку, і тры — з другога боку.

33 Тры чары ў форме міндалевага дрэва з яблыкамі і з кветкамі на адной галіне; такім жа чынам тры чары ў форме міндалевага дрэва — на другой галіне, таксама з яблыкамі і кветкамі: хай гэта будзе твор з шасці галін, што павінны выходзіць са стрыжня.

34 А на самім стрыжні свечніка павінны быць чатыры чары у форме міндалёвага дрэва, з яблыкамі і кветкамі.

35 Па адным яблыку — пад кожнымі дзвюмя галінамі ў трох месцах; усіх іх, што выходзяць з аднаго стрыжня, атрымліваецца шэсць.

36 Такім чынам, яблыкі і галіны будуць з ім адным цэлым, і ўсё вычаканена з найчысцейшага золата.

37 Таксама зрабі да яго сем лямп і пастаў іх на падсвечнік, каб асвятлялі пярэдні яго бок.

38 Таксама да яго зробіш шчыпцы для зняцця нагару, і пасудзіны, дзе збіраецца нагар, хай будуць з найчысцейшага золата.

39 З талента найчысцейшага золата трэба зрабіць падсвечнік і ўсе яго прыналежнасці.

40 Глядзі, каб зрабіў паводле ўзору, які быў табе паказаны на гары.

© МХРБ «Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь», 2017 

Bible Society of Belarus (the Republic of)