Biblia Todo Logo
Біблія онлайн
- Аб'явы -

ВЫХАД 24 - Кнігі Святога Пісання - Біблія - Біблія — пераклад Чарняўскага (выданне 2017 года)

1 Сказаў таксама Майсею: «Узыдзі да Госпада ты і Аарон, Надаб і Абігу, і семдзесят старэйшын Ізраэля, і здалёк пакланіцеся.

2 І толькі адзін Майсей наблізіцца да Госпада, а яны хай не набліжаюцца, ані народ не ўзыдзе з ім».

3 Дык прыйшоў Майсей і расказаў народу ўсе словы Госпада і прыказанні; а ўвесь народ у адзін голас адказаў: «Усе словы Госпада, якія Ён сказаў, — споўнім».

4 І запісаў Майсей усе словы Госпада; і, зранку ўстаўшы, пабудаваў ён ахвярнік ля падножжа гары і паставіў дванаццаць камянёў, адпаведна дванаццаці пакаленням Ізраэля.

5 І паслаў юнакоў з сыноў Ізраэля, і яны склалі ахвяру цэласпалення; і ўчынілі Госпаду мірнае ахвярапрынашэнне з цялят.

6 Такім чынам, узяў Майсей палову крыві і ўліў у чары; а астатняй часткаю крыві пакрапіў ахвярнік.

7 І, узяўшы кнігу запавету, чытаў ён пры ўвазе народа, які сказаў: «Усё, што сказаў Госпад, — споўнім і будзем паслухмяныя».

8 А ён кроў, што засталася, пакрапіў на народ і сказаў: «Гэта кроў Запавету, які Госпад заключыў з вамі на падставе ўсіх гэтых слоў».

9 І ўзышлі Майсей і Аарон, Надаб і Абігу, і семдзесят старэйшын Ізраэля,

10 і ўбачылі яны Бога Ізраэля, а пад Яго нагамі нешта, падобнае на твор з сапфіравага каменя і падобнае на самое неба, калі яно яснае.

11 І на выбраных сыноў Ізраэля не падняў Ён рукі Сваёй; і глядзелі яны на Бога, і елі, і пілі.

12 І сказаў Госпад Майсею: «Падыміся да Мяне на гару і будзь там; і Я дам табе каменныя табліцы, і закон, і настаўленні, якія Я напісаў, каб ты навучыў іх».

13 І ўстаў Майсей і Ешуа, яго памочнік; і, узыходзячы на гару Божую,

14 сказаў Майсей старэйшынам: «Чакайце тут, пакуль мы не вернемся да вас. Маеце Аарона і Гура з вамі; калі ўзнікне якая справа, звяртайцеся да іх».

15 І калі Майсей узышоў на гару, воблака накрыла гару;

16 і заставалася слава Госпада на Сінаі, ахінаючы яе воблакам шэсць дзён; у сёмы ж дзень паклікаў Майсея з сярэдзіны воблака.

17 А выгляд славы Госпада быў, быццам агонь палаючы на вяршыні гары на вачах сыноў Ізраэля.

18 І, увайшоўшы ў сярэдзіну воблака, Майсей узышоў на гару; і заставаўся ён там сорак дзён і сорак начэй.

© МХРБ «Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь», 2017 

Bible Society of Belarus (the Republic of)
Сачыце за намі:



Аб'явы