1 Мяккі адказ уціхамірвае гнеў, а жорсткая размова выклікае лютасць. 2 Язык мудрых лье веды, вусны бязглуздых выкрыкваюць бязглуздасць. 3 Ва ўсялякім месцы вочы Госпада. Яны бачаць ліхіх і добрых. 4 Язык лагодны — дрэва жыцця, а двухсэнсавасць на ім зняважыць дух. 5 Бязглузды кпіць з настаўлення бацькі свайго, а хто беражэ папрокі — будзе разумнейшы. 6 У доме справядлівага вельмі многа багацця, а ў набытках бязбожніка — хваляванне. 7 Вусны мудрых распаўсюдзяць веды; сэрца бязглуздых — не будзе вернае. 8 Ахвяры бязбожнікаў — агідныя для Госпада; абяцанні справядлівых — мілыя Яму. 9 Агіднасць для Госпада — дарога бязбожніка; хто ідзе ўслед за справядлівасцю — будзе любімы Ім. 10 Лютая кара таму, хто пагарджае вернай дарогай; хто ненавідзіць папрокі — памрэ. 11 Пекла і пагібель — перад вачамі Госпада, а тым больш — сэрцы сыноў чалавечых! 12 Насмешнік не любіць таго, хто яго абвінавачвае, і да людзей мудрых не ходзіць. 13 Сэрца радаснае весяліць твар, у смутку душы дух падае. 14 Сэрца разумнага шукае ведаў, а вусны бязглуздых жывяцца бязглуздасцю. 15 Усе дні ў бедных — ліхія, а вясёлы ў сэрцы — быццам заўсёды на застоллі. 16 Лепш трохі са страхам Госпада, чым вялікія скарбы — з трывогай. 17 Лепш мера гародніны з любоўю, чым адкормленае цяля — з нянавісцю. 18 Чалавек запальчывы выклікае сваркі; а той, хто з’яўляецца цярплівым, уціхамірвае спрэчкі. 19 Дарога гультаёў быццам агароджа цярновая, дарога разважлівых — гладкая. 20 Мудры сын радуе бацьку; а бязглузды чалавек адцураецца маці сваёй. 21 Бязглуздасць — радасць для таго, хто не мае розуму; а чалавек разважлівы накіроўвае прама крокі свае. 22 Дзе няма парады — разбягаюцца намеры, а здзяйсняюцца — дзе многа дарадчыкаў. 23 Весяліцца чалавек з адказу вуснаў сваіх, і спрыяльная размова — найлепшая. 24 Сцежка жыцця вядзе ўгару для чалавека вучонага, каб ухіліцца ад пекла ўнізе. 25 Госпад разбурыць дом пыхлівых, а межы ўдавы ўмацуе. 26 Агіднасць для Госпада — намеры ліхія, а чыстая размова — найпрыгажэйшая. 27 Развальвае дом свой той, хто прыслужвае прагнасці, а хто ненавідзіць падарункі — жыць будзе. 28 Розум справядлівага абдумвае, што адказаць; вусны бязбожнікаў зласловяць. 29 Ад бязбожнікаў Госпад далёка, а размовы справядлівых Ён выслухае. 30 Святло вачэй радуе душу, добрая слава ўдобрывае косці. 31 Вуха, якое слухае папрокі жыцця, застанецца сярод мудрых. 32 Хто адкідае настаўленне — адцураецца душы сваёй; а хто слухае папрокі — уладар сэрца [свайго]. 33 Страх Госпадаў — настаўленне мудрасці, а славе папярэднічае пакора. |
© МХРБ «Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь», 2017
Bible Society of Belarus (the Republic of)