ВЫСЛОЎІ 16 - Кнігі Святога Пісання - Біблія - Біблія — пераклад Чарняўскага (выданне 2017 года)1 Чалавечае — гэта рыхтаваць сэрца, а ад Госпада — адказ языка. 2 У вачах чалавека ўсе яго дарогі чыстыя, але Госпад разглядае душы. 3 Даручы Госпаду свае справы — і споўняцца твае намеры. 4 Усё зрабіў Госпад згодна Свайму ўласнаму намеру, таксама і бязбожніка зберагае на ліхі дзень. 5 Агіднасць для Госпада — усякі фанабэрысты чалавек; напэўна, можна паручыцца: ён не будзе беспакараны. 6 Міласэрнасцю і праўдай адкупляецца несправядлівасць, і ў страху Госпада — ухіленне ад ліха. 7 Калі дарогі чалавека падабаюцца Госпаду, таксама і непрыяцеляў яго навяртае Ён да згоды. 8 Лепш малае са справядлівасцю, чым многія набыткі — без справядлівасці. 9 Сэрца чалавека плануе дарогу яго, але Госпад кіруе яго крокамі. 10 На вуснах цара — натхненне, не памыляцца вусны яго ў прыказанні. 11 Груз і вага Госпада — справядлівыя, і справа Яго — усе камяні ў мяшку. 12 Грэбуюць цары дзейнічаць бязбожна, бо трон умацоўваецца справядлівасцю. 13 Ласка цароў — вусны справядлівыя; хто гаворыць праўду, таго будуць любіць. 14 Гнеў цара — вяшчун смерці, і супакоіць гнеў чалавек мудры. 15 У святле аблічча царскага — жыццё, і ласка яго — як дождж доўгачаканы. 16 Валодаць мудрасцю — значна лепш, чым золатам; а набываць разважлівасць — больш каштоўна, чым срэбра. 17 Сцежка справядлівых — ухіляцца ад ліха; хто беражэ шлях свой — вартаўнік душы сваёй. 18 Знішчэнню папярэднічае фанабэрыстасць, а перад пагібеллю — пыхлівасць духа. 19 Лепш скарыцца з пакорлівымі, чым здабычу дзяліць з фанабэрыстымі. 20 Вучоны ў слове знойдзе дабро, і хто ўскладае надзею на Госпада — шчаслівы. 21 Хто сэрцам мудры — будзе звацца разважлівым; а слодыч вуснаў памножыць веды. 22 Крыніца жыцця — вучонасць таго, хто валодае ёю; бязглуздасць — кара для бязглуздых. 23 Сэрца мудрага навучыць вусны яго і памножыць веды ў вуснах яго. 24 Складная мова — соты мядовыя, слодыч для душы і здароўе для цела. 25 Ёсць дарога, якая здаецца чалавеку вернай, а ўрэшце рэшт вядзе да смерці. 26 Душа таго, хто працуе, працуе для сябе, таму што прымушае яго ўласны рот. 27 Чалавек бязбожны падбухторвае да ліха, і ў вуснах яго — быццам агонь, што палымнее. 28 Чалавек ліхі выклікае сваркі, а той, хто наракае, раз’ядноўвае сяброў. 29 Несправядлівы чалавек ашуквае сябра свайго і вядзе яго на нядобрую дарогу. 30 Міргаючы вачамі, ён абдумвае крывадушнае і, сціскаючы вусны свае, рыхтуе ліха. 31 Вянок годнасці — сівізна, якую можна знайсці на шляхах справядлівасці. 32 Той, хто трывае, — лепей за дужага чалавека, а той, хто кіруе душой сваёю, — за заваёўніка гарадоў. 33 Жэрабя кідаецца ў крысо, але рашаецца Госпадам. |
© МХРБ «Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь», 2017
Bible Society of Belarus (the Republic of)