ВЫСЛОЎІ 14 - Кнігі Святога Пісання - Біблія - Біблія — пераклад Чарняўскага (выданне 2017 года)1 Мудрая жонка будуе дом свой, а неразумная разбурыць яго сваімі рукамі. 2 Таго, хто ідзе вернай дарогай, адцураецца той, хто ідзе ганебным шляхам. 3 У вуснах бязглуздага — дубец пыхлівасці, а вусны мудрых берагуць іх. 4 Дзе няма быкоў, там стойла пустое; і шмат выгод — у моцы быка. 5 Праўдзівы сведка не лжэ, а хітры сведка пашырае хлусню. 6 Насмешнік шукае мудрасці і не знаходзіць, а для разважлівых веды даступныя. 7 Ад бязглуздага чалавека адыдзі, бо не знойдзеш вуснаў разважлівых. 8 Мудрасць разумнага — пазнанне свайго шляху, а неразумнасць бязглуздых — блуканне. 9 Бязглуздыя не звяртаюць увагі на грэх, а сярод справядлівых застанецца ласка. 10 Сэрца ведае гаркоту душы сваёй, і ў радасць яго не ўмяшаецца чужы. 11 Дом бязбожнікаў разваліцца, а хорамы справядлівых будуць расці. 12 Ёсць дарога, што здаецца чалавеку справядлівай, але ўрэшце рэшт вядзе яна да смерці. 13 Сэрца змешваецца з сумам нават у час смеху, а смутак захоплівае канец радасці. 14 Шляхамі сваімі будзе задаволены бязглузды, а чалавек добры будзе вышэй за іх. 15 Легкаверны верыць кожнаму слову, а разважлівы абдумвае крокі свае. 16 Мудры баіцца і пазбягае зла, а бязглузды злоўжывае і разлічвае на сябе. 17 Нецярплівы зробіць бязглуздасць, а чалавек хітры — нявідны. 18 Легкаверныя авалодваюцца бязглуздасцю, а разважлівыя вызначаюцца ведамі. 19 Ліхія схіляюцца перад добрымі, а бязбожнікі — перад дзвярамі справядлівых. 20 Бедны будзе нявідны нават для свайго самага блізкага, а ў багатых — шмат сяброў. 21 Хто адцураецца блізкага свайго — грашыць, а хто шкадуе бедных — шчасны. 22 Ці не блукаюць тыя, што чыняць ліха? Міласэрнасць і праўда — для тых, хто робіць дабро. 23 Ва ўсялякай працы будзе прыбытак, а слова вуснаў накіроўвае толькі да беднасці. 24 Вянок мудрых — іх багацце, а неразумнасць бязглуздых — глупства. 25 Верны сведка вызваляе душы, а крывадушнік — пашырае хлусню. 26 У шанаванні Госпада — цвёрдая ўпэўненасць, і сынам Яго будзе надзея. 27 Шанаванне Госпада — крыніца жыцця, што ўхіляецца ад путаў смерці. 28 У мностве народа — годнасць цара, у невялікай колькасці народа — пагібель валадара. 29 Хто цярплівы, тым кіруе вялікая разважлівасць; хто нецярплівы — павялічвае бязглуздасць. 30 Жыццё для цела — здароўе сэрца, зайздрасць — гніенне касцей. 31 Хто гоніць беднага — той упікае яго Творцу; шануе Яго той, хто шкадуе бедных. 32 Уласнай сапсаванасцю будзе забіты бязбожнік, а справядлівы спадзяецца на несапсаванасць сваю. 33 У сэрцы разважлівага знаходзіцца мудрасць, а сярод бязглуздых яна знойдзецца? 34 Справядлівасць узвышае народ, а несправядлівасць — грэх народаў. 35 Дапушчаны да цара — разумны слуга, а гнеў выклікае той, хто дзейнічае ганебна. |
© МХРБ «Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь», 2017
Bible Society of Belarus (the Republic of)