Біблія онлайн

Аб'явы

Усю біблію Стары Запавет Новы Запавет


ЁВА 13 - Кнігі Святога Пісання - Біблія - Біблія — пераклад Чарняўскага (выданне 2017 года) Кнігі Святога Пісання - Біблія - Біблія — пераклад Чарняўскага (выданне 2017 года)
ЁВА 13

1 Вось, усё гэта бачыла маё вока і чула маё вуха, і зразумеў я ўсё.

2 Паводле вашага ведання і я ведаю; не ніжэйшы я за вас.

3 Але ж, аднак, я буду прамаўляць да Усемагутнага, і прагну я паразважаць з Богам;

4 а вас буду выкрываць, як завадатараў хлусні, вас усіх — як марных лекараў.

5 Хоць бы вы памаўчалі, каб было гэта вам [залічана] за мудрасць!

6 Дык паслухайце скаргу маю і зважце на дамаганні маіх вуснаў.

7 Няўжо дзеля Бога вы гаворыце няпраўду і дзеля Яго прамаўляеце хітрыя словы?

8 Няўжо вы запабягаеце перад Ім і спрабуеце замест Бога выступаць у судзе?

9 Ці добра, калі Ён вас адкіне? Ці пакпіце вы з Яго, як кпяць з чалавека?

10 Ён вас будзе выкрываць, калі будзеце патаемна глядзець на аблічча.

11 Няўжо веліч Яго не ўсхвалюе вас і павага да Яго не агорне вас?

12 Меркаванні вашы — гэта выслоўі з попелу; браня ваша — браня гліняная.

13 Памаўчыце крыху, каб я гаварыў, і хай што-колечы на мяне прыйдзе.

14 Навошта мне кусаць цела сваё зубамі сваімі і душу сваю трымаць рукамі сваімі?

15 Нават калі Ён заб’е мяне, я буду ўскладаць надзею на Яго; аднак жа сцверджу перад абліччам Яго шляхі мае.

16 І гэта будзе збаўленне маё, бо ніводзін бязбожнік не з’явіцца перад абліччам Яго.

17 Слухайце словы мае і ўспрымайце вушамі сваімі тлумачэнне маё.

18 Вось, наладзіў я суд; ведаю, што мяне знойдуць справядлівым.

19 Хто ёсць, хто б паспрачаўся са мной? Тады я замаўчу і скончу жыццё.

20 Дзвюх толькі рэчаў не рабі мне, і тады я не буду хавацца ад Твайго аблічча:

21 прымі руку Сваю далей ад мяне і жах Твой хай мяне не палохае.

22 Пакліч мяне, і я адкажу Табе; або я буду гаварыць, а Ты мне адкажаш.

23 Якія правіннасці і грахі я маю? Пакажы мне мае ліхадзействы і злачынствы.

24 Чаму Ты хаваеш Сваё аблічча і лічыш мяне ворагам Сваім?

25 Ты сурова абыходзішся з лістком, што сарваны ветрам, і пераследуеш сухую саломінку.

26 Бо Ты пішаш на мяне ўсякія горычы і хочаш апанаваць мяне грахамі маладосці маёй.

27 Ты закаваў у кайданы ногі мае, і пільна сочыш за ўсімі сцежкамі маімі, і прыглядаешся да слядоў ног маіх.

28 І я спарахнею, як бурдзюк і як адзенне, што паточана моллю.

© МХРБ «Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь», 2017 

Bible Society of Belarus (the Republic of)