Biblia Todo Logo
Біблія онлайн
- Аб'явы -

ЁВА 14 - Кнігі Святога Пісання - Біблія - Біблія — пераклад Чарняўскага (выданне 2017 года)

1 Чалавек, што народжаны з жанчыны, мае век кароткі і поўны трывог;

2 ён расце, быццам кветка, і вяне, і мінае, як цень, і не застаецца.

3 І Ты лічыш вартым на такога адкрываць вочы Свае і весці яго на суд з Сабою?

4 Хто ж можа нячыстага зрабіць чыстым? Хіба ніхто!

5 Калі дні яму вызначаны, і лік месяцаў яго вядомы Табе, і Ты вызначыў яму межы, якіх нельга яму перайсці,

6 дык адвярні вочы Свае ад яго, хай ён супачыне, хай пацешыцца днём, як той найміт.

7 Бо нават дрэва мае надзею: калі б было ссечанае, дык зноў адрасце і парасткі свае пускаць не пакіне,

8 і калі састарэе ў зямлі яго корань і пень яго ў пяску спарахнее,

9 ад вільгаці вады яно зазелянее і зацвіце як маладая расліна.

10 А чалавек, які слабее і памірае, адыходзіць, і я пытаюся: “Дзе ён?”

11 Знікаюць воды з мора, і рэкі высыхаюць да дна.

12 Так і чалавек: калі засне, не прачнецца, пакуль неба не знікне, не ўстане, і ад сну свайго не прачнецца.

13 О, каб Ты схаваў мяне ў апраметнай і захаваў мяне, пакуль не міне абурэнне Тваё, і вызначыў мне час, у які зноў мяне ўзгадаеш!

14 Ці памерлы чалавек зноў будзе жыць? Усе дні маёй службы чакаю, калі прыйдзе мая замена.

15 Ты паклічаш, і я адкажу Табе, і Ты засумуеш дзеля стварэння рук Тваіх.

16 Ты пералічыў бы нават крокі мае, але будзеш ласкавы адносна грахоў маіх.

17 Ты запячаткуеш, як у мяшку, злачынствы мае і выбеліш правіны мае.

18 Але як гара, падаючы, развальваецца і скала сыходзіць з месца свайго,

19 як вада сцірае камень і плынь падмывае глебу, так і Ты нішчыш надзею ў чалавеку.

20 Ты сціскаеш яго, і ён адыходзіць у вечнасць, змяняеш твар яго і адсылаеш.

21 Ці годна жывуць яго дзеці, ён не ведае, ці ў ганьбе — ён не разумее.

22 Адчувае ён боль свайго цела, і душа яго ў ім самім ные».

© МХРБ «Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь», 2017 

Bible Society of Belarus (the Republic of)
Сачыце за намі:



Аб'явы