ЁВА 12 - Кнігі Святога Пісання - Біблія - Біблія — пераклад Чарняўскага (выданне 2017 года)1 І сказаў Ёў у адказ: 2 «Сапраўды: вы толькі людзі, і з вамі памрэ мудрасць. 3 І ў мяне ёсць сэрца, як і ў вас, і не ніжэйшы я за вас; хто ж не ведае таго, што вы ведаеце? 4 Той, хто высмейваецца сваім сябрам, як я, будзе прызываць Бога, і Ён выслухае яго; але будзе высмейвацца беззаганнасць справядлівага. 5 Свяцільнік занядбаны ў думках тых, якія жывуць бяспечна, прыгатаваны для тых, хто хістаецца ў хадзе. 6 Спакойныя палаткі рабаўнікоў і бяспечныя для тых, што гнявяць Бога, быццам Бог вядзе іх за руку. 7 Аднак жа, запытайся ў жывёлы, і яна навучыць цябе, і птушак паднебных, і яны пакажуць табе. 8 Пагавары з зямлёю, і яна навучыць цябе; і раскажуць рыбы марскія. 9 Хто з іх усіх не ведае, што рука Божая стварыла ўсё гэта? 10 У Яго руцэ — душа кожнай жывой істоты і дух усяго цела чалавечага. 11 Ці ж не вуха адрознівае словы, і ці не паднябенне каштуе сваю ежу? 12 У старых ёсць мудрасць, а ў даўгавечных — разважнасць. 13 У Яго ёсць мудрасць і сіла, Ён мае раду і разуменне. 14 Калі Ён разбурыць, то няма таго, хто адбудуе; калі Ён замкне чалавека, няма таго, хто б адчыніў. 15 Калі Ён затрымае воды, яны перасохнуць; і калі выпусціць іх, яны зруйнуюць зямлю. 16 У Яго ёсць сіла і мудрасць, Ён ведае і ашуканца, і таго, каго падманваюць. 17 Ён выводзіць радцаў пазбаўленымі багацця, а суддзяў — спустошанымі. 18 Ён развязвае пояс цароў і вяроўкай абвязвае іх сцёгны. 19 Ён даводзіць святароў да спустошанасці і скідае магнатаў, 20 змяняючы вусны праўдзівых і забіраючы вучонасць старых. 21 Вылівае пагарду на князёў і аслабляе пояс магутных. 22 Ён выяўляе глыбіннае з цемры і выводзіць да святла цень смерці. 23 Ён памнажае народы і нішчыць іх, і людзей пашырае і губіць, а знішчаных ізноў аднаўляе. 24 Ён змяняе ход думак зямных валадароў народа і падманвае іх; і ўчыніць Ён, каб яны блукалі па забытых шляхах. 25 Яны будуць хадзіць навобмацак, быццам у цемры, а не ў святле, і ўчыніць Ён, каб яны блукалі, як п’яныя. |
© МХРБ «Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь», 2017
Bible Society of Belarus (the Republic of)