1 Песня з песняў Саламона. «Хай ён пацалуе мяне пацалункам вуснаў сваіх!» «Бо каханне тваё лепшае за віно; 2 за водар тваіх найлепшых алейкаў. Алеек разліты — імя тваё; таму любяць цябе дзяўчаты». 3 «Прываблівай мяне за сабой! Пабяжым! Увядзі мяне, валадар, у пакоі свае»; «Радавацца і цешыцца будзем табою, помніць больш пра каханне тваё, чым пра віно; заслужана кахаюць цябе!» 4 «Чарнявая я, але зграбная, дочкі Ерузаліма, як палаткі Кедара, як заслоны Саламона. 5 Не глядзіце, што я смуглявая, бо апаліла мяне сонца. Сыны маці маёй разгневаліся на мяне, даручылі мне пільнаваць вінаграднік, а я свайго вінаградніку не ўпільнавала. 6 О ты, якога любіць душа мая, пакажы, дзе ты пасеш, дзе адпачываеш апоўдні, каб не блукаць мне між статкаў таварышаў тваіх». 7 «Калі не ведаеш, о найпрыгажэйшая сярод жанчын, то выйдзі і ідзі па слядах статка, ды пасві казлянят сваіх каля палатак пастухоў. 8 Я ўпадобніў цябе, сяброўка мая, да жарабіцы ў калясніцы фараона. 9 Гожыя шчокі твае пад завушніцамі, шыя твая — у каралях. 10 Мы зробім табе залатыя завушніцы са срэбранымі ўкрапінамі». 11 «Пакуль валадар быў за сталом сваім, нард мой разліваў водар свой. 12 Улюбёны мой для мяне — пучок кіпера, што ляжыць на грудзях маіх. 13 Улюбёны мой для мяне — быццам гронка кіпровая у вінаградніках Эн-Гадзі». 14 «О, якая прыгожая ты, сяброўка мая, о, якая ты прыгожая: вочы твае галубіныя». 15 «О, які прыгожы ты, улюбёны мой, о, які прывабны! Ложак наш у кветках, 16 бэлькі дамоў нашых кедравыя, столь наша — з кіпарысу». |
© МХРБ «Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь», 2017
Bible Society of Belarus (the Republic of)