ЭКЛЕЗІЯСТА 12 - Кнігі Святога Пісання - Біблія - Біблія — пераклад Чарняўскага (выданне 2017 года)1 Памятай пра Творцу свайго ў дні юнацтва свайго, пакуль не надыдзе час турбавання, і пакуль не наблізяцца часы, пра якія скажаш: «Не падабаюцца мне яны»; 2 пакуль не зацямніцца сонца, і святло, і месяц, і зоркі, пакуль не вернуцца пасля дажджу хмары; 3 калі будуць дрыжаць вартаўнікі дома і хістацца мужы найдужэйшыя, і спыняць працу тыя, што мелюць, бо іх стала мала лікам, і пацямнеюць тыя, што глядзяць праз вокны, 4 і зачыняць дзверы на вуліцу, калі змоўкне гук жорнаў, і будуць падымацца на голас птушкі, і спыняцца ўсе дочкі спеваў; 5 таксама баяцца будуць узвышша і напалохаюцца ў дарозе. Зацвіце міндалевае дрэва, ацяжэе саранча, і асыплецца каперсавы куст, бо будзе ісці чалавек у дом вечнасці сваёй, і па вуліцах кружыць будуць плакальшчыцы; 6 перш, чым парвецца срэбраны ланцужок, і паб’ецца залаты келіх, і збан разаб’ецца пры крыніцы, і зламаецца кола над студняю, і вернецца парахно ў зямлю сваю, адкуль было [узята], 7 а дух вернецца да Бога, Які яго даў. 8 Марнасць з марнасцей, — кажа Эклезіяст, — ды ўсё марнасць. 9 Паколькі быў Эклезіяст наймудрэйшы, даў ён яшчэ народу веды; разважыў і, даследуючы, склаў шматлікія выслоўі. 10 Знайшоў Эклезіяст вытанчаныя словы і запісаў найпраўдзівейшыя і поўныя праўды выказванні. 11 Словы мудрых — як джалы і, як цвікі, умацаваныя парадамі настаўніка; усе яны дадзены адным пастырам. 12 А што па-за гэтым, сыне мой, таго не шукай: пісанню многіх кніг няма канца, а частыя разважанні — гэта турбаванне цела. 13 Калі ўсё выслухана, канец прамовы [такі]: шануй Бога і спаўняй Яго запаветы, бо ў гэтым — усё для чалавека. 14 І ўсё, што адбываецца, Бог прывядзе на суд; усё ўтоенае: і добрае, і ліхое. |
© МХРБ «Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь», 2017
Bible Society of Belarus (the Republic of)