Biblia Todo Logo
Біблія онлайн
- Аб'явы -

ПЕСЬНЯ 2 - Кнігі Святога Пісання - Біблія - Біблія — пераклад Чарняўскага (выданне 2017 года)

1 «Я — нарцыс Сарона і лілея далін».

2 «Бы лілея між цернямі, так сяброўка мая між дочкамі».

3 «Як яблыня сярод лясных дрэў, так улюбёны мой сярод сыноў. У засені яго, якой жадала, я прысела, і плод яго салодкі паднябенню майму.

4 Увёў ён мяне ў пакой застолля, а сцяг яго нада мною — любоў.

5 Спасільце мяне пірагамі з разынкамі, назбірайце мне яблыкаў, бо я млею ад кахання.

6 Лявіца яго пад галавою маёй, а правіца яго абдымае мяне».

7 «Заклінаю вас, дочкі Ерузаліма, сарнамі і палявымі ланямі: не будзіце і не падымайце ад сну ўлюбёнай, аж пакуль сама не захоча».

8 «Голас улюбёнага майго! Вось, ён падыходзіць, скача па гарах, перабягае ўзгоркі.

9 Улюбёны мой падобны да сарны, да маладога аленя. Вось, стаіць ён за нашаю сцяною, глядзіць праз акно, зазірае праз краты.

10 Вось, мілы мой гаворыць да мяне: “Уставай, сяброўка мая, галубка мая, зграбная мая, і прыходзь.

11 Бо ўжо зіма прайшла, дождж спыніўся і перастаў.

12 З’явіліся ўжо краскі на зямлі, час абразання вінаграду настаў; і ўжо голас туркаўкі чуваць у нашай зямлі.

13 Фігавае дрэўца выдала пупышкі свае, вінаград цвіце і разлівае водар: устань, сяброўка мая, харашуня мая, і прыходзь,

14 галубка мая, у расколіны скалы, у шчыліну цясніны. Пакажы мне аблічча тваё, хай гучыць твой голас у вушах маіх! Бо салодкі мне голас твой і выгляд твой прыемны”».

15 «Злавіце нам лісаў, малых лісянят, якія вінаграднікі нішчаць, бо вінаграднікі нашы цвітуць».

16 «Улюбёны мой для мяне, а я — для яго, які пасвіцца між лілеяў,

17 пакуль дзень набліжаецца і знікаюць цені. Вярніся! Будзь падобны, улюбёны мой, да сарны, да маладога аленя на гарах Бэтэр».

© МХРБ «Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь», 2017 

Bible Society of Belarus (the Republic of)
Сачыце за намі:



Аб'явы