1 Пасля гэтага Госпад вызначыў іншых семдзесят і паслаў іх перад абліччам Сваім па двое ў кожны горад і месца, куды Сам меўся пайсці. 2 І казаў ім: «Сапраўды жніво вялікае, працаўнікоў мала. Дык прасіце Гаспадара жніва, каб выслаў працаўнікоў на жніво Сваё. 3 Ідзіце; вось, Я пасылаю вас, як ягнят пасярод ваўкоў. 4 Не насіце з сабою ані капшука, ані торбы, ані пасталоў ды нікога ў дарозе не вітайце. 5 У які дом увойдзеце, перш скажыце: “Супакой гэтаму дому”. 6 І, калі будзе там сын супакою, застанецца на ім супакой ваш; а калі не, вернецца да вас. 7 У тым жа доме заставайцеся, ешце і піце, што ёсць у ім: бо працаўнік варты платы сваёй. Не пераходзьце з дому ў дом. 8 І ў які горад увойдзеце і прымуць вас, ешце, што вам пададуць, 9 і аздараўляйце хворых, што ў ім, ды кажыце ім: “Наблізілася да вас Валадарства Божае”. 10 А калі ў які горад увойдзеце і не прымуць вас, выходзячы на вуліцы іх, кажыце: 11 “Нават і пыл, што прыліп нам да ног з вашага горада, абтрасаем мы на вас; а ўсё ж такі ведайце, што наблізілася да вас Валадарства Божае”. 12 Кажу вам, што лягчэй будзе Садому ў той дзень, чым гораду таму. 13 Гора табе, Харазін! Гора табе, Бэтсайда! Бо калі б у Тыры і Сідоне гэтыя цуды адбываліся, што ў вас, яны б ужо даўно, у зрэбніцы і попеле седзячы, пакаяліся. 14 Аднак лягчэй будзе Тыру і Сідону на судзе, чым вам. 15 І ты, Кафарнаўм, хіба ты аж да неба ўзнёсся? Дык у пекла будзеш укінуты! 16 Хто вас слухае, Мяне слухае; і хто вамі пагарджае, Мною пагарджае; а хто Мною пагарджае, пагарджае Тым, Хто Мяне паслаў». 17 Затым з радасцю вярнуліся семдзесят, кажучы: «Госпадзе, нават дэманы паддаюцца нам у імя Тваё!» 18 І гаворыць ім: «Я бачыў шатана, што падаў з неба, як маланка. 19 Вось жа, Я даў вам уладу таптаць змеяў і скарпіёнаў ды ўсю варожую сілу; і нішто вам не будзе шкодзіць. 20 Аднак не з таго весяліцеся, што духі вам паддаюцца, але з таго радуйцеся, што імёны вашы запісаны на нябёсах». 21 У той час узрадаваўся Ісус у Духу і сказаў: «Слаўлю Цябе, Ойча, Госпад неба і зямлі, што закрыў гэта перад мудрымі і прадбачлівымі і адкрыў гэта малым; так, Ойча, бо так спадабалася Табе. 22 Усё дадзена Мне Айцом Маім; і ніхто не ведае, Хто ёсць Сын, толькі Айцец, і Хто ёсць Айцец, толькі Сын ды каму Сын хацеў бы адкрыць». 23 І, звярнуўшыся да вучняў Сваіх, сказаў: «Шчасныя вочы, якія бачаць, што вы бачыце. 24 Бо кажу вам: многія прарокі і цары хацелі бачыць тое, што вы бачыце, і не бачылі, і чуць тое, што вы чуеце, і не чулі». 25 І вось, адзін заканазнаўца ўстаў, выпрабоўваючы Яго і кажучы: «Настаўнік, што маю рабіць, каб здабыць жыццё вечнае?» 26 А Ісус сказаў яму: «Што напісана ў законе? Як чытаеш?» 27 Той, адказваючы, сказаў: «Любі Госпада, Бога твайго, усім сэрцам тваім, і ўсёй душой тваёй, і ўсёй моцай тваёй, і ўсім розумам тваім, і блізкага твайго, як сябе самога». 28 Ісус сказаў яму: «Добра ты адказаў; рабі гэтак – і будзеш жыць». 29 Той, хочучы апраўдацца, сказаў Ісусу: «А хто мой блізкі?» 30 Працягваючы, Ісус сказаў: «Адзін чалавек ішоў з Ерузаліма ў Ерыхон і трапіў да разбойнікаў, якія раздзеўшы яго і пабіўшы, адышлі, пакінуўшы ледзь жывога. 31 Здарылася, што гэтаю дарогай праходзіў нейкі святар і, паглядзеўшы на яго, прайшоў міма. 32 Таксама і левіт, калі быў недалёка ад таго месца і бачыў яго, прамінуў яго. 33 А самарыцянін нейкі, праходзячы гэтай дарогай каля яго і ўбачыўшы яго, праявіў міласэрнасць, 34 ды, падышоўшы, абвязаў раны яго, паліўшы алеем і віном; і, пасадзіўшы на сваю жывёліну, завёз у заезд, і даглядаў яго. 35 А назаўтра дастаў два дынары і даў гаспадару заезду і гаворыць яму: “Апякуйся над ім, а калі больш выдасі, я, як вярнуся, дадам табе”. 36 Хто з гэтых трох, здаецца табе, быў блізкім таму, хто трапіў да разбойнікаў?» 37 Ён сказаў: «Той, хто аказаў яму міласэрнасць». І сказаў яму Ісус: «Ідзі і ты рабі падобна». 38 Калі ж яны ішлі, Ён зайшоў у адно сяленне, і адна жанчына на імя Марта прыняла Яго. 39 І была ў яе сястра на імя Марыя, якая нават села ля ног Ісуса і слухала Яго слова. 40 Марта ж завіхалася старанна ў многіх паслугах, потым спынілася і гаворыць: «Госпадзе, хіба няма Табе справы, што сястра пакінула мяне адну паслугаваць? Дык скажы ёй, каб яна мне дапамагла». 41 І, адказваючы, сказаў ёй Ісус: «Марта, Марта, пра многае ты рупішся і клапоцішся, 42 а адно толькі патрэбна; Марыя выбрала найлепшую долю, якая не будзе аднята ў яе». |
© МХРБ «Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь», 2017
Bible Society of Belarus (the Republic of)