Біблія онлайн

Аб'явы

Усю біблію Стары Запавет Новы Запавет


МАЦЬВЕЯ 21 - Біблія (пераклад А.Бокуна) Біблія (пераклад А.Бокуна)
МАЦЬВЕЯ 21

Мц 21

1 І калі наблізіліся да Ерусаліму і прыйшлі да Бэтфагі на гары Аліўнай, тады Ісус паслаў двух вучняў,

2 кажучы ім: «Ідзіце ў мястэчка, якое перад вамі, і адразу знойдзеце асьліцу прывязаную і асьляня з ёю; адвязаўшы, прывядзіце да Мяне.

3 І калі хто скажа вам нешта, адкажыце, што Госпад іх патрабуе, і адразу пашле іх».

4 А ўсё гэтае сталася, каб споўнілася сказанае праз прарока, які кажа:

5 «Скажыце дачцэ Сыёну: “Вось, Валадар твой ідзе да цябе ціхі, Які сядзіць на асьліцы і асьляняці, сыне пад’ярэмнай”».

6 Пайшоўшы, вучні зрабілі так, як загадаў ім Ісус.

7 Прывялі асьліцу і асьляня і ўсклалі на іх адзеньне сваё, і Ён сеў на іх.

8 А шматлікі натоўп пасьцілаў на дарозе адзеньне сваё, а іншыя рэзалі галіны з дрэваў і пасьцілалі на дарозе.

9 А натоўпы, што наперадзе і за Ім ішлі, крычалі, кажучы: «Гасанна Сыну Давіда! Дабраслаўлёны Той, Хто ідзе ў імя Госпада! Гасанна на вышынях!»

10 І калі Ён увайшоў у Ерусалім, узварухнуўся ўвесь горад, кажучы: «Хто гэта?»

11 А натоўпы казалі: «Гэта Ісус, прарок з Назарэту Галілейскага».

12 І ўвайшоў Ісус у сьвятыню Божую, і выгнаў усіх, што продалі і куплялі ў сьвятыні, і сталы мяняльнікаў і лаўкі прадаўцоў галубоў перакуліў.

13 І кажа ім: «Напісана: “Дом Мой домам малітвы будзе названы”. А вы зрабілі яго пячорай разбойнікаў».

14 І падыйшлі да Яго ў сьвятыні сьляпыя і кульгавыя, і Ён аздаравіў іх.

15 А першасьвятары і кніжнікі, убачыўшы цуды, якія Ён учыніў, і дзяцей, якія крычалі ў сьвятыні і казалі: «Гасанна Сыну Давіда!», — абурыліся

16 і сказалі Яму: «Ці чуеш, што яны кажуць?» А Ісус кажа ім: «Так! Ці вы ніколі не чыталі: “З вуснаў немаўлятаў і тых, што пры грудзях, Ты ўчыніў хвалу?”»

17 І, пакінуўшы іх, выйшаў з гораду ў Бэтанію, і правёў там ноч.

18 А раніцаю, вяртаючыся ў горад, адчуў голад.

19 І, убачыўшы пры дарозе адно дрэва фігавае, падыйшоў да яго, і нічога не знайшоў на ім, акрамя адной лістоты, і кажа да яго: «Няхай больш ня будзе з цябе плоду да веку». І адразу засохла дрэва фігавае.

20 І, убачыўшы гэта, вучні зьдзівіліся, кажучы: «Як гэта адразу ж засохла дрэва фігавае?»

21 А Ісус, адказваючы, сказаў ім: «Сапраўды кажу вам: калі вы будзеце мець веру і ня будзеце сумнявацца, ня толькі зробіце тое, што з дрэвам фігавым, але калі і гары гэтай скажаце: “Будзь узятая і кінутая ў мора”, — станецца.

22 І ўсё, што будзеце прасіць у малітве з вераю, атрымаеце».

23 І калі прыйшоў Ён у сьвятыню, падыйшлі да Яго, калі Ён вучыў, першасьвятары і старшыні народу, кажучы: «Якою ўладаю Ты гэта робіш? І хто Табе даў гэтую ўладу?»

24 А Ісус, адказваючы, сказаў ім: «Спытаюся і Я ў вас адно слова; калі на гэта скажаце Мне, і Я вам скажу, якою ўладаю раблю гэта.

25 Хрышчэньне Яна адкуль было: з неба ці ад людзей?» Яны ж разважалі між сабою, кажучы: «Калі скажам: “З неба”, — Ён скажа нам: “Чаму ж вы не паверылі яму?”

26 А калі скажам: “Ад людзей”, — баімся натоўпу, бо ўсе маюць Яна за прарока».

27 І, адказваючы, сказалі Ісусу: «Ня ведаем». І Ён сказаў ім: «І Я вам не скажу, якою ўладаю гэтае раблю.

28 А як вы думаеце: чалавек меў дваіх дзяцей, і ён, падыйшоўшы да першага, сказаў: “Дзіцятка, ідзі сёньня працаваць у вінаграднік мой”.

29 Той жа, адказваючы, сказаў: “Не хачу”, а пасьля, пакаяўшыся, пайшоў.

30 І, падыйшоўшы да другога, ён сказаў тое самае. Той, адказваючы, сказаў: “Іду, гаспадару”, і не пайшоў.

31 Каторы з двух выканаў волю бацькі?» Кажуць Яму: «Першы». Кажа ім Ісус: «Сапраўды кажу вам, што мытнікі і распусьніцы ідуць наперадзе вас у Валадарства Божае.

32 Бо прыйшоў да вас Ян шляхам праведнасьці, і вы не паверылі яму, а мытнікі і распусьніцы паверылі яму; вы ж, бачачы гэтае, не пакаяліся пасьля, каб паверыць яму.

33 Паслухайце другую прыповесьць: быў нейкі чалавек, гаспадар дому, які пасадзіў вінаграднік, і абгарадзіў яго плотам, і выкапаў у ім тоўчню, і пабудаваў вежу, і здаў яго вінаградарам, і выехаў.

34 Калі ж наблізіўся час пладоў, ён паслаў слугаў сваіх да вінаградараў узяць плады свае.

35 І схапілі вінаградары слугаў ягоных, аднаго зьбілі, другога забілі, а іншага ўкаменавалі.

36 Зноў паслаў ён іншых слугаў, больш, чым раней; і з імі зрабілі тое самае.

37 Нарэшце паслаў да іх сына свайго, кажучы: “Пасаромеюцца сына майго”.

38 А вінаградары, убачыўшы сына, сказалі адзін аднаму: “Гэта спадкаемца! Хадзем, заб’ем яго і атрымаем спадчыну ягоную”.

39 І, схапіўшы яго, выгналі вон з вінаградніку і забілі.

40 Калі ж прыйдзе гаспадар вінаградніку, што зробіць ён з гэтымі вінаградарамі?»

41 Кажуць Яму: «Ліхадзеяў гэтых жорстка выгубіць, а вінаграднік здасьць іншым вінаградарам, якія будуць аддаваць яму плады ў свой час».

42 Кажа ім Ісус: «Няўжо вы ніколі не чыталі ў Пісаньні: “Камень, які адкінулі будаўнікі, стаўся галавою вугла. Ад Госпада гэта сталася, і дзіўна ў вачах нашых”.

43 Дзеля гэтага кажу вам, што будзе забранае ў вас Валадарства Божае і дадзена будзе народу, які ўчыняе плады ягоныя.

44 І той, хто ўпадзе на гэты камень, разаб’ецца; а на каго ён упадзе, таго раздушыць».

45 І, пачуўшы прыповесьці Ягоныя, першасьвятары і фарысэі зразумелі, што Ён гаворыць пра іх.

46 І, шукаючы ўзяць Яго, збаяліся натоўпаў, таму што яны мелі Яго за прарока.