МАЦЬВЕЯ 20 - Біблія (пераклад А.Бокуна)Мц 20 1 Бо Валадарства Нябеснае падобнае да чалавека гаспадара дому, які выйшаў рана раніцаю наняць работнікаў у вінаграднік свой. 2 І, дамовіўшыся з работнікамі па дынару за дзень, паслаў іх у вінаграднік свой. 3 І, выйшаўшы каля трэцяе гадзіны, ён убачыў іншых, якія стаялі на рынку бяз працы. 4 І сказаў ім: “Ідзіце і вы ў вінаграднік мой і, што будзе справядліва, дам вам”. Яны пайшлі. 5 Зноў выйшаўшы каля шостае і дзявятае гадзіны, зрабіў гэтаксама. 6 А выйшаўшы каля адзінаццатае гадзіны, ён знайшоў іншых, якія стаялі бяз працы, і кажа ім: “Чаму вы стаіцё тут цэлы дзень бяз працы?” 7 Яны кажуць яму: “Ніхто нас не наняў”. Ён кажа ім: “Ідзіце і вы ў вінаграднік і, што будзе справядліва, атрымаеце”. 8 А як надыйшоў вечар, кажа гаспадар вінаградніку наглядчыку свайму: “Пакліч работнікаў і аддай ім плату, пачаўшы з апошніх да першых”. 9 І тыя, што прыйшлі каля адзінаццатае гадзіны, атрымалі па дынару. 10 А тыя, што прыйшлі першымі, думалі, што яны атрымаюць больш, але і яны атрымалі па дынару. 11 І, атрымаўшы, пачалі наракаць на гаспадара дому, 12 кажучы: “Гэтыя апошнія рабілі адну гадзіну, і ты зраўняў іх з намі, якія перанесьлі цяжар дня і сьпёку”. 13 Ён жа, адказваючы, сказаў аднаму з іх: “Дружа! Я ня крыўджу цябе. Ці ж не за дынар ты дамовіўся са мною? 14 Вазьмі сваё і ідзі. А я хачу даць гэтаму апошняму тое, што і табе. 15 Ці ж я не магу ў сваім рабіць, што хачу? Або вока тваё злоснае, што я добры?” 16 Гэтак будуць апошнія першымі, і першыя — апошнімі, бо шмат пакліканых, але мала выбраных». 17 І, узыходзячы ў Ерусалім, Ісус дарогаю ўзяў дванаццаць вучняў Сваіх і сказаў ім: 18 «Вось, мы ўзыходзім у Ерусалім, і Сын Чалавечы будзе выдадзены першасьвятарам і кніжнікам, і яны асудзяць Яго на сьмерць, 19 і выдадуць Яго паганам на зьдзек, і бічаваньне, і ўкрыжаваньне; і на трэці дзень Ён уваскрэсьне». 20 Тады падыйшла да Яго маці сыноў Заўдыя з сынамі сваімі, кланяючыся і нечага просячы ў Яго. 21 Ён жа сказаў ёй: «Чаго ты хочаш?» Яна кажа Яму: «Скажы, каб гэтыя два сыны мае селі адзін праваруч Цябе, а другі — леваруч у Валадарстве Тваім». 22 А Ісус, адказваючы, сказаў: «Ня ведаеце, чаго просіце. Ці можаце піць келіх, які Я маю піць, і хрысьціцца хрышчэньнем, якім Я хрышчуся?» Яны кажуць Яму: «Можам». 23 І Ён кажа ім: «Сапраўды, келіх Мой будзеце піць і хрышчэньнем, якім Я хрышчуся, будзеце хрысьціцца, а сесьці праваруч Мяне і леваруч Мяне не магу даць вам, але каму падрыхтавана Айцом Маім». 24 І пачуўшы гэта, дзесяцёра абурыліся на двух братоў. 25 А Ісус, паклікаўшы іх, сказаў: «Вы ведаеце, што князі народаў пануюць над імі і магнаты маюць уладу над імі. 26 А ў вас ня гэтак мае быць, але хто хоча між вамі стацца большым, няхай будзе служыцелем вашым, 27 і хто хоча між вамі быць першым, няхай будзе слугою вашым, 28 як і Сын Чалавечы не прыйшоў, каб Яму служылі, але каб паслужыць і аддаць душу Сваю на адкупленьне многіх». 29 І калі яны выходзілі з Ерыхону, за Ім ішоў шматлікі натоўп. 30 І вось, два сьляпыя, што сядзелі пры дарозе, пачуўшы, што Ісус праходзіць, закрычалі, кажучы: «Зьлітуйся над намі, Госпадзе, Сыне Давідаў!» 31 А натоўп сварыўся на іх, каб маўчалі; а яны яшчэ мацней закрычалі, кажучы: «Зьлітуйся над намі, Госпадзе, Сыне Давідаў!» 32 І, спыніўшыся, Ісус паклікаў іх і сказаў: «Што вы хочаце, каб Я зрабіў вам?» 33 Яны кажуць Яму: «Госпадзе! Каб адчыніліся вочы нашыя». 34 Ісус жа, зьлітаваўшыся, дакрануўся да вачэй іхніх, і адразу сталі бачыць вочы іхнія, і яны пайшлі за Ім. |