Біблія онлайн

Аб'явы

Усю біблію Стары Запавет Новы Запавет


ЁВА 28 - Біблія (пераклад А.Бокуна) Біблія (пераклад А.Бокуна)
ЁВА 28

Ёў 28

1 Сапраўды, срэбра мае пачаткі жылаў, і ёсьць месца для золата, дзе яго ачышчаюць.

2 Жалеза здабываецца з парахна, і з каменя топіцца медзь.

3 [Чалавек] паставіў мяжу цемры, і дасьледуе ўсё да краю, і [шукае] камяні ў цемры і ценю сьмерці.

4 Капаюць капальні там, дзе не хадзілі ногі, зыходзяць у глыбіню, вісяць і хістаюцца далёка ад людзей.

5 Зямля, з якой хлеб вырастае, у глыбіні перавернута, як агнём.

6 Камяні ейныя — месца шафіра, і пясок золата ў ёй.

7 Драпежная птушка ня ведае сьцежкі [туды], і ня бачыць яе вока арла.

8 Не тапталі яе сыны пыхлівасьці, і не праходзіў па ёй леў.

9 Выцягвае [чалавек] руку сваю на крэмень, і пераварочвае горы да падножжа.

10 У скалах высякае каналы, і ўсё каштоўнае бачыць вока ягонае.

11 І спыняе ён цячэньне рэк, і скарбы выдабывае на сьвятло.

12 Але дзе знаходзіцца мудрасьць, і дзе месца розуму?

13 Чалавек ня ведае туды дарогі і не знаходзіць яе на зямлі жывых.

14 Бездань кажа: “Няма яе ў-ва мне”, і мора кажа: “Няма яе ў-ва мне”.

15 Не даецца яна за золата і не здабываецца яна за вагу срэбра.

16 Ня плаціцца за яе ані золатам Афіру, ані каштоўным оніксам або шафірам.

17 Не раўняецца да яе золата і шкло, не замяніць яе на посуд залаты.

18 Каралі і крышталь ня ўзгад­ваюцца [пры ёй]; цана мудрасьці — большая за пэрлы.

19 Ня варты яе тапаз з Кушу, і золатам чыстым не ацэніш яе.

20 Адкуль паходзіць мудрасьць, і дзе месца розуму?

21 Схаваная яна ад вачэй усіх жывых, птушкам нябесным невядомая.

22 Абадон і сьмерць кажуць: “Вушамі нашымі мы чулі пра славу яе”.

23 Бог разумее шлях яе, і Ён ведае месца ейнае.

24 Бо Ён разглядае краі зямлі, і бачыць усё, што пад небам.

25 Калі даваў Ён сілу ветру і ўсталёўваў водам берагі,

26 калі даваў закон дажджам, і шлях грымоту і маланцы,

27 тады бачыў Ён яе, і выявіў, і ўмацаваў яе, і дасьледаваў яе.

28 І сказаў Ён чалавеку: “Страх перад Госпадам — гэта мудрасьць; а пазьбягаць зла — розум”».