ЁВА 27 - Біблія (пераклад А.Бокуна)Ёў 27 1 І працягваў Ёў прамову сваю, і сказаў: 2 «На жыцьцё Бога, Які адкінуў суд мой, і на Усемагутнага, Які да горычы давёў душу маю, 3 пакуль яшчэ трывае дыханьне ў-ва мне, і пакуль Дух Божы ў ноздрах маіх, 4 ня скажуць вусны мае няпраўды, і язык мой ня будзе гаварыць хлусьні. 5 Далёкі я ад таго, каб лічыць вас праведнымі. Пакуль не памру, не адступлюся ад нявіннасьці маёй. 6 У праведнасьці маёй буду трымацца моцна і не адкіну яе, ня будзе дакараць сэрца маё дзён [жыцьця] майго. 7 Няхай будзе як бязбожнік вораг мой, і той, хто паўстае супраць мяне — як злачынца. 8 Якая надзея крывадушніка, калі ён будзе адсечаны, калі Бог забярэ душу ягоную. 9 Ці выслухае Бог крык ягоны, калі прыйдзе да яго бяда? 10 Ці зможа ён цешыцца Усемагутным і клікаць Бога ўвесь час? 11 Я навучу вас пра руку Божую, нічога не схаваю пра Усемагутнага. 12 Вось, вы ўсё гэта бачылі, дык навошта пустая гаворка? 13 Такая вось доля чалавека ліхога і спадчына крыўдзіцеля, якую атрымаюць яны ад Усемагутнага. 14 Калі памножацца сыны ягоныя, упадуць ад мяча, і нашчадкі ягоныя не насыцяцца хлебам. 15 Хто застанецца ад іх, тых зьнішчыць зараза, і ўдовы ягоныя ня будуць плакаць. 16 Калі назьбірае ён срэбра, як пяску, і нарыхтуе адзеньня, як гліны, 17 ён, прыгатуе, але апранецца праведнік, і срэбра падзеліць нявінны. 18 Пабудаваў ён, як павук, дом сабе, і як вартаўнік зрабіў сабе будан. 19 Багатым кладзецца спаць, і такім не ўстае, расплюшчыць вочы свае — і няма нічога. 20 Ахопяць яго жахі, як паводка, і ўначы схопіць яго бура. 21 Падхопіць яго вецер усходні і панясе, і віхура адарве яго ад месца ягонага. 22 Ён кіне яго і не пашкадуе, хоць будзе ўцякаць з рукі Ягонай. 23 Будуць пляскаць над ім рукамі сваімі і засьвішчуць над ім на кожным месцы. |