Біблія онлайн

Аб'явы

Усю біблію Стары Запавет Новы Запавет


ВЫХАД 23 - Кнігі Святога Пісання - Біблія - Біблія — пераклад Чарняўскага (выданне 2017 года) Кнігі Святога Пісання - Біблія - Біблія — пераклад Чарняўскага (выданне 2017 года)
ВЫХАД 23

1 Не прымай ілжывай весткі і не давай рукі бязбожнаму, каб сведчыць ілжыва.

2 Не хадзі за натоўпам, каб зрабіць ліха; не згаджайся на судзе з рашэннем многіх, каб не ўхіліцца ад праўды.

3 Не шкадуй таксама беднага на судзе.

4 Калі сустрэнеш вала ворага свайго або асла, што блукае, завядзі да яго.

5 Калі ўбачыш, што асёл ненавісніка твайго ляжыць пад цяжарам сваім, не абміні, але разам з ім прыйдзі з дапамогай.

6 Не абвяргай суд беднага ў справе яго.

7 Пазбягай хлусні. Бязвіннага і справядлівага не забівай, бо Я выракуся бязбожнага.

8 Не прымай падарункаў, якія асляпляюць нават разважных і абвяргаюць словы справядлівых.

9 Не крыўдзі чужынца, бо вы ведаеце душы чужынцаў, бо і самі былі чужынцамі ў зямлі Егіпецкай.

10 Шэсць гадоў будзеш засяваць зямлю сваю і збіраць яе плады.

11 А ў сёмы год занядбаеш яе і не будзеш збіраць пладоў, каб елі бедныя твайго народа; а што яшчэ застанецца, хай ядуць звяры палявыя. Тое ж самае зробіш у вінаградніку і ў аліўніку тваім.

12 Шэсць дзён будзеш працаваць; у сёмы дзень спынішся, каб адпачылі вол твой і асёл твой і адпачыў сын нявольніцы тваёй і чужынец.

13 Усё, што Я сказаў вам, споўніце, і імя чужых багоў не прызывайце, і хай не чуецца яно ў вуснах тваіх.

14 Тры ўрачыстыя святы будзеце святкаваць дзеля Мяне штогод.

15 Выконвай урачыстасць праснакоў: сем дзён будзеш есці праснакі, як Я загадаў табе, у вызначаны час месяца Абіб, калі ты выйшаў з Егіпта. Не з’яўляйся перада Мною з пустымі рукамі.

16 І ўрачыстасць жніва пяршыняў працы тваёй з таго, што ты пасеяў на полі; таксама ўрачыстасць збораў на зыходзе года, калі збярэш усе свае плады з поля.

17 Тры разы ў год кожны твой мужчына хай пакажацца перад абліччам Госпада, Бога свайго.

18 Не пускай кроў ахвяры Маёй над рошчынаю, і хай не застаецца да раніцы тлушч ад свята Майго.

19 Прынось у дом Госпада, Бога твайго, пяршыні пладоў зямлі тваёй. І не вары казляня ў малацэ маці яго.

20 Вось, Я пасылаю анёла, які будзе ісці паперадзе цябе, і будзе сцерагчы ў дарозе, і падвядзе да месца, якое Я прыгатаваў.

21 Паважай яго, і слухай голас яго, і не ўздумай пагарджаць ім, таму што ён не даруе, калі вы зграшыце, бо ў ім — імя Маё.

22 Калі будзеце слухаць голас яго і будзеце рабіць усё, што Я кажу, то буду ворагам для вашых ворагаў і буду пераследаваць тых, што цябе пераследуюць.

23 Бо пойдзе наперадзе цябе анёл Мой і завядзе цябе да амарэя і хетэя, феразея і хананея, і гівея, і евусея, якіх Я знішчу.

24 Не будзеш пакланяцца багам іх і не будзеш служыць ім; не будзеш рабіць, як яны рабілі, але знішчыш іх і паразбіваеш камяні іх.

25 Будзеце служыць Госпаду, Богу вашаму, каб дабраславіў Я хлябы вашыя і воды і адхіліў хваробу ад грамады вашай.

26 Не будзе выкідашаў і бясплоднасці ў зямлі тваёй; і Я павялічу колькасць дзён іх.

27 Трывогу ад Мяне Я пашлю наперадзе цябе і патрывожу кожны народ, да якога прыйдзеш; і прымушу ўцякаць ад цябе ўсіх ворагаў тваіх, пасылаючы

28 наперадзе шэршняў, што выганяць гівея, і хананея, і хетэя перш, чым ты прыйдзеш.

29 Не выганю іх перад табою ў адзін год, каб зямля не ператварылася ў пустыню і каб не павялічыліся на шкоду тваю дзікія звяры.

30 Памалу выганю іх з вачэй тваіх, пакуль не памножышся ты і не завалодаеш зямлёю.

31 Я ж пакладу межы твае ад Чырвонага мора аж да мора Філістынскага і ад пустыні аж па раку. Аддам у рукі вашыя жыхароў зямлі гэтай і выганю іх з вачэй вашых.

32 Не заключай запавету ані з імі, ані з багамі іх.

33 Не будуць яны жыць у зямлі тваёй, каб не ўвесці вас у грэх адносна Мяне, калі будзеце служыць іх багам; бо, канешне, будзе табе гэта на згаршэнне».

© МХРБ «Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь», 2017 

Bible Society of Belarus (the Republic of)