1 Не хваліся заўтрашнім днём, не ведаючы, што прынясе дзень, што надыходзіць. 2 Хай іншы цябе хваліць — не твой уласны рот, чужы — не твае ўласныя вусны. 3 Цяжкі камень і цяжкаваты пясок, але гнеў бязглуздага цяжэйшы за абаіх. 4 Шалёны нораў і абурэнне, што прарываецца наверх, — а хто можа ўстаяць перад зайздрасцю? 5 Лепш адкрытае абвінавачванне, чым схаваная любоў. 6 Раны ад таго, хто любіць, вярнейшыя, чым ілжывыя пацалункі таго, хто ненавідзіць. 7 Душа, што насыцілася, будзе таптаць мёд, а душа, што прагне, нават горкае будзе лічыць за салодкае. 8 Як птушка, што ўцякае з гнязда свайго, так чалавек, што блукае далёка ад радзімы сваёй. 9 Маззю і фіміямам цешыцца сэрца і прывабнасцю сябра ў парадзе ад душы. 10 Не адмаўляйся ад сябра свайго і сябра бацькі свайго, і ў дзень смутку не ўваходзь у дом брата свайго. Лепш сусед паблізу, чым брат далёка. 11 Імкніся да мудрасці, сыне мой, парадуй сэрца маё, каб мог адказаць таму, хто мне ўпікае. 12 Хітры, што бачыць ліха, — хаваецца; а легкаверныя, што ідуць да яго, — караюцца. 13 Здымі вопратку з таго, хто паручыўся за іншага, а за незнаёмых — вазьмі ад яго заклад. 14 Хто, уздымаючыся раніцай, хваліць блізкага свайго гучным голасам, залічаць яму гэта за праклён. 15 Дах, што працякае ў халодны дзень, і сварлівая жонка — роўныя; 16 хто стрымлівае яе — той быццам вецер стрымлівае і прымудраецца, каб трымаць масць у правай руцэ. 17 Жалеза жалезам вастрыцца, а чалавек завастрае позірк сябра свайго. 18 Хто сцеражэ дрэва фігавае — будзе есці плады яго, а хто вартаўнік гаспадара свайго — праславіцца. 19 Як у вадзе твар глядзіць на твар, так сэрца чалавека — у чалавеку. 20 Пекла і пагібель ніколі не насычаюцца, падобна ім ненасытныя і вочы чалавечыя. 21 Як срэбра — у горане, а золата — у печы, так правяраецца чалавек вуснамі таго, хто хваліць [яго]. 22 Калі стаўчэш бязглуздага ў ступцы таўкачом разам з зярнятамі, не выйдзе з яго бязглуздасць. 23 Пільна даглядай за жывёлай тваёй, звяртай увагу на статкі, 24 бо не будзеш мець багацце заўсёды. Няўжо з пакалення ў пакаленне будзе перадавацца вянец? 25 Агаліліся лугі — і з’явіліся травы зялёныя, і сабралі сена з узгоркаў; 26 авечкі — на вопратку тваю, а казлы — на выкуп нівы. 27 Хопіць табе казінага малака на снеданне тваё, і на снеданне дому твайго, і на пражытак слугам тваім. |
© МХРБ «Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь», 2017
Bible Society of Belarus (the Republic of)