Біблія онлайн

Аб'явы

Усю біблію Стары Запавет Новы Запавет


ВЫСЛОЎІ 10 - Біблія (пераклад А.Бокуна) Біблія (пераклад А.Бокуна)
ВЫСЛОЎІ 10

Разьдзел 10

1 Прыповесьці Салямона. Мудры сын — радасьць для бацькі, а дурны сын — смутак для маці.

2 Не прыносяць карысьці скарбы бязбожныя, а праведнасьць ратуе ад сьмерці.

3 Не дазволіць ГОСПАД галадаваць душы праведніка, але адкіне жаданьні бязбожнікаў.

4 Лянівая рука робіць бедным, а рука працавітая ўзбагачае.

5 Хто летам зьбірае, той сын разважлівы, а хто сьпіць у жніво — сын ганебны.

6 Дабраславенствы — на галаве праведнага, а вусны бязбожнікаў хаваюць няправасьць.

7 Памяць пра праведніка дабраслаўлёная, а імя бязбожнікаў спарахнее.

8 Мудры сэрцам прыймае прыказаньні, а той, хто мае вусны неразумныя, упадзе.

9 Хто ходзіць беззаганна, той ходзіць бясьпечна, а хто крывіць шляхі свае, будзе выяўлены.

10 Хто міргае вачыма, той робіць прыкрасьць, і той, хто мае вусны неразумныя, упадзе.

11 Вусны праведніка — крыніца жыцьця, а вусны бязбожнікаў хаваюць няправасьць.

12 Нянавісьць выклікае сваркі, а любоў пакрывае ўсе правіны.

13 У вуснах разумнага знаходзіцца мудрасьць, а кій — на сьпіне бязглуздага.

14 Мудрыя захоўваюць веданьне, а вусны неразумнага вядуць да загубы.

15 Маёмасьць багатага — умацаваны горад для яго, загуба для бедных — галеча іхняя.

16 Праца праведніка вядзе да жыцьця, набытак бязбожніка — да грэху.

17 На сьцежцы жыцьця той, хто прыймае настаўленьне, а хто адкідае дакараньне — блукае.

18 Хто хавае нянавісьць, у таго вусны хлусьлівыя, а хто паклёп разносіць, той дурань.

19 У мностве словаў не пазьбегнеш грэху, а хто стрымлівае вусны свае, той разважлівы.

20 Язык праведніка — адборнае срэбра, а сэрца бязбожніка нічога ня вартае.

21 Вусны праведнага пасьвяць многіх, а бязглуздыя паміраюць ад нястачы розуму.

22 Дабраславенства ад ГОСПАДА, яно ўзбагачае, і смутку з сабою не прыносіць.

23 Радасьць для дурня — учынкі ганебныя, а чалавек разумны [радуецца] мудрасьці.

24 Тое, чаго баіцца бязбожнік, прыйдзе на яго, а прагненьні праведных споўняцца.

25 Калі пранясецца віхура, ня будзе больш бязбожніка, а праведнік мае вечны падмурак.

26 Як воцат для зубоў і як дым для вачэй, так гультай для тых, што яго пасылаюць.

27 Страх перад ГОСПАДАМ памнажае дні, а гады бязбожнікаў скароцяцца.

28 Чаканьне праведнікаў — радасьць, а спадзяваньне бязбожнікаў загіне.

29 Шлях ГОСПАДАЎ — апора для беззаганных і загуба для злачынцаў.

30 Праведнік не пахісьнецца навекі, а бязбожнікі ня будуць жыць на зямлі.

31 Вусны праведніка памнажаюць мудрасьць, а язык падступны будзе адсечаны.

32 Вусны праведніка ведаюць, што даспадобы [Богу], а ў вуснах бязбожнікаў — падступнасьць.