Biblia Todo Logo
Біблія онлайн
- Аб'явы -

ВЫСЛОЎІ 11 - Біблія (пераклад А.Бокуна)


Разьдзел 11

1 Агіда для ГОСПАДА — шалі падманлівыя, а вагі дакладныя даспадобы Яму.

2 Прыходзіць пыхлівасьць, прыходзіць і ганьба, а ў пакорлівых — мудрасьць.

3 Беззаганнасьць правых вядзе іх, а крывадушнасьць здрадлівых загубіць іх.

4 Не дапаможа багацьце ў дзень гневу, а праведнасьць ратуе ад сьмерці.

5 Праведнасьць беззаганнага раўняе шлях ягоны, а бязбожнік падае праз бязбожнасьць сваю.

6 Праведнасьць правых ратуе іх, а ліхадзеі будуць злоўленыя злачынствам сваім.

7 Калі памірае чалавек бязбожны, гіне надзея [яго], і спадзяваньне злачынцаў прападае.

8 Праведнік ратуецца ад бяды, а бязбожнік прыходзіць на месца яго.

9 Крывадушнік вуснамі забівае бліжняга свайго, а праведнік ратуецца праз веданьне.

10 Калі добра ідзе праведным, радуецца горад, і калі гінуць бязбожнікі, [горад] сьвяткуе.

11 Дабраславенствам правых узвышаецца горад, а вуснамі бязбожнікаў руйнуецца.

12 Той, хто пазбаўлены розуму, пагарджае бліжнім сваім, а чалавек разумны захоўвае мір.

13 Хто ходзіць з абмовамі, адкрывае таямніцу, а той, хто верны духам, захоўвае слова.

14 Дзе няма добрай рады, народ прападае, а пры мностве дарадцаў — выратаваньне.

15 Шкодзіць сабе той, хто паручаецца за чужога, а хто ненавідзіць даваць руку, той бясьпечны.

16 Дабрадзейная жанчына здабывае славу, і моцныя здабываюць багацьце.

17 Чалавек міласэрны робіць дабро душы сваёй, а бязьлітасны нішчыць цела сваё.

18 Падманлівы набытак здабудзе бязбожнік, а таму, хто сее праведнасьць, будзе пэўная нагарода.

19 Праведнасьць [вядзе] да жыцьця, а хто імкнецца да зла, [імкнецца] да сьмерці.

20 Агіда для ГОСПАДА крывадушныя сэрцам, але тыя, хто ходзяць беззаганна, даспадобы Яму.

21 Можна паручыцца, зло не пазьбегне пакараньня, а насеньне праведных будзе збаўленае.

22 Як залатое колца ў лычы сьвіньні, так прыгожая жанчына, але бяз розуму.

23 Прагненьне праведнікаў — толькі дабро, а чаканьне бязбожнікаў — гнеў.

24 Адзін сыпе [шчодра], і дадаецца яму, а другі лішне ашчадны, і бяднее.

25 Дабрадзейная душа будзе насычана, і хто поіць [другіх], сам напоены будзе.

26 Хто затрымлівае збожжа, таго праклінае народ, але дабраславенства на галаве таго, хто продае.

27 Хто імкнецца да дабра, той шукае зычлівасьці, а хто шукае зла, да таго яно прыйдзе.

28 Хто спадзяецца на багацьце сваё, упадзе, а праведнікі, як лісьце, зелянеюць.

29 Хто руйнуе дом свой, атрымае ў спадчыну вецер, і неразумны будзе слугою мудрага сэрцам.

30 Плод праведнага — дрэва жыцьця, і мудры здабывае душы.

31 Вось, праведнік будзе мець адплату на зямлі, пагатоў бязбожнік і грэшнік.

Сачыце за намі:



Аб'явы