Biblia Todo Logo
Біблія онлайн
- Аб'явы -

ВЫСЛОЎІ 9 - Біблія (пераклад А.Бокуна)


Разьдзел 9

1 Мудрасьць пабудавала сабе дом, вычасала сем слупоў ягоных,

2 закалола тое, што было на зарэз, зьмяшала віно і прыгатавала стол свой.

3 Паслала служак сваіх, кліча на дзядзінцу і на вышынях гарадзкіх:

4 «Хто неразумны, няхай прыйдзе сюды», а да бязглуздага кажа:

5 «Прыходзьце, ешце хлеб мой і піце віно, якое я зьмяшала,

6 пакіньце дурноту і жывіце, і хадзіце шляхам розуму».

7 Хто павучае насьмешніка, сьцягвае на сябе прыкрасьць, а хто дакарае бязбожніка, запляміцца.

8 Не дакарай насьмешніка, каб ён не зьненавідзеў цябе, дакарай мудрага, і ён будзе любіць цябе.

9 Настаўляй мудрага, і ён стане мудрэйшы; вучы праведнага, і ён павялічыць веды.

10 Пачатак мудрасьці — страх перад ГОСПАДАМ, і веданьне Сьвятога — розум.

11 Бо праз мяне памножацца дні твае і дададуцца гады жыцьця твайго.

12 Калі будзеш мудры, для сябе будзеш мудры, а калі станеш насьмешнікам — сам будзеш мець шкоду.

13 Дурнота — жанчына крыклівая, неразумная і нічога ня ведае;

14 сядзіць каля дзьвярэй дому свайго на пасадзе, на вышынях гарадзкіх,

15 каб клікаць тых, што праходзяць дарогаю, што ідуць проста сьцежкамі сваімі:

16 «Хто неразумны, няхай прыйдзе сюды», а да бязглуздага кажа:

17 «Вада крадзеная салодкая, і схаваны хлеб смачнейшы».

18 І ня ведае той, што там мерцьвякі, і што ў цемры адхлані запрошаныя ёю.

Сачыце за намі:



Аб'явы