Біблія онлайн

Аб'явы

Усю біблію Стары Запавет Новы Запавет


ЯНА 10 - Кнігі Святога Пісання - Біблія - Біблія — пераклад Чарняўскага (выданне 2017 года) Кнігі Святога Пісання - Біблія - Біблія — пераклад Чарняўскага (выданне 2017 года)
ЯНА 10

1 Сапраўды, сапраўды кажу вам: хто не ўваходзіць у аўчарню праз дзверы, але пранікае інакш, той злодзей і разбойнік;

2 а хто ўваходзіць праз дзверы, той пастыр над авечкамі.

3 Яму прыдзвернік адчыняе, і авечкі слухаюцца яго голасу, і сваіх авечак кліча ён па імю ды выпускае іх.

4 А калі выпусціць сваіх авечак, ідзе перад імі наперадзе, а авечкі ідуць за ім, бо ведаюць яго голас;

5 а за чужым яны не пойдуць, але ўцякаюць ад яго, бо голасу чужых не ведаюць».

6 Такую прыпавесць сказаў ім Ісус; але яны не зразумелі, што значыць тое, што ім гаварыў.

7 Дык сказаў ім Ісус ізноў: «Сапраўды, сапраўды кажу вам: Я – дзверы для авечак.

8 Усе, колькі іх не прыйшло перада Мною, – злодзеі яны і разбойнікі, але авечкі не паслухалі іх.

9 Я – дзверы: калі хто праз Мяне ўвойдзе, будзе збаўлены; і ўвойдзе, і выйдзе, ды знойдзе пашу.

10 Злодзей не прыходзіць інакш, каб толькі красці, забіваць і губіць; Я ж прыйшоў, каб мелі жыццё і мелі ўдосталь.

11 Я – Пастыр добры. Добры Пастыр аддае за авечак жыццё Сваё.

12 Але найміт ды той, хто не пастыр, у каго авечкі не свае, бачыць, што набягае воўк, кідае авечак ды ўцякае, – а воўк хапае іх і разганяе авечак, –

13 А найміт уцякае, бо ён – найміт і не рупіцца пра авечак.

14 Я – добры Пастыр і ведаю Маіх, і яны Мяне ведаюць,

15 як ведае Мяне Айцец, а Я ведаю Айца; і жыццё Маё аддаю за авечак.

16 Ды і іншых авечак маю, якія не з гэтай аўчарні, і тых належыць Мне прывесці, і будуць яны слухаць голасу Майго, і станецца адзін статак і адзін Пастыр.

17 Таму любіць Мяне Айцец, што Я жыццё Маё аддаю, каб зноў яго атрымаць.

18 Ніхто ў Мяне яго не адбірае, але Я па Сваёй волі аддаю яго. Маю ўладу аддаваць яго і маю ўладу яго атрымаць. Такі загад атрымаў Я ад Айца Майго».

19 Дзеля таго ўзнікла зноў спрэчка між юдэямі з-за гэтых слоў.

20 Затым многія з іх гаварылі: «Дэмана мае і шалее! Нашто Яго слухаць?»

21 Іншыя ж казалі: «Гэта не словы апанаванага дэманам. Ці ж дэман можа сляпым вяртаць зрок?»

22 Сталася тады ў Ерузаліме ўрачыстасць пасвячэння святыні; была зіма,

23 і хадзіў Ісус па святыні ў прысенках Саламона.

24 Тады абступілі Яго юдэі і казалі Яму: «Дакуль будзеш бянтэжыць душу нашу? Калі Ты – Хрыстос, скажы нам яўна».

25 Адказаў ім Ісус: «Сказаў Я вам, а вы не верыце; справы, якія Я выконваю ў імя Айца Майго, яны сведчаць пра Мяне.

26 Але вы не верыце, бо вы не з Маіх авечак, як Я сказаў вам.

27 Авечкі Мае слухаюцца голасу Майго, і Я ведаю іх, і яны ідуць за Мной,

28 і Я даю ім жыццё вечнае, і не прападуць вечна, і ніхто не вырве іх з Маёй рукі.

29 Айцец Мой, Які даў Мне іх, большы за ўсіх, і ніхто не можа вырваць іх з рукі Айца Майго.

30 Я і Айцец – адно».

31 Дык зноў юдэі схапілі камяні, каб Яго ўкаменаваць.

32 Адказаў ім Ісус: «Многа добрых учынкаў паказаў Я вам ад Айца Майго, дык за які з гэтых учынкаў кідаеце ў Мяне камяні?»

33 Адказалі Яму юдэі, кажучы: «Не камянуем Цябе за добрую справу, але за блюзненне, за тое, што Ты, хоць Ты чалавек, робіш Сябе Богам».

34 Адказаў ім Ісус: «Ці ж у законе вашым не напісана: “Я сказаў: вы – багі”?

35 Калі назваў багамі тых, для якіх было прызначана слова Божае, – а Пісанне памыліцца не можа, –

36 аб Тым, Каго Айцец усвяціў і паслаў у свет, вы кажаце: “Ты блюзніш!”, бо Я сказаў: “Я – Сын Божы”?

37 Калі Я не раблю спраў Айца Майго, не верце Мне.

38 Але калі раблю, дык, калі вы Мне верыць не хочаце, верце справам, каб спазналі і паверылі, што Айцец – ува Мне, а Я – у Ім».

39 Імкнуліся затым Яго ўзяць, але Ён ухіліўся ад іх рук.

40 І пайшоў зноў за Ярдан, у месца, дзе раней хрысціў Ян, ды там застаўся.

41 І многія прыходзілі да Яго і казалі: «Ян, што праўда, ніводнага знака не ўчыніў; але ўсё, што Ян аб Ім сказаў, было праўдай».

42 І многія там паверылі ў Яго.

© МХРБ «Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь», 2017 

Bible Society of Belarus (the Republic of)