1 Спявайце Госпаду новую песню, спявай Госпаду, уся зямля. 2 Спявайце Госпаду, дабраслаўляйце імя Яго, абвяшчайце з дня ў дзень Яго збаўленне. 3 Абвяшчайце між паганамі хвалу Яго, сярод усіх народаў — цуды Яго. 4 Бо вялікі ёсць Госпад, і годны хвалы бязмежнай, варты ўшанавання больш за ўсіх багоў. 5 Бо ўсе паганскія багі — марнасць, Госпад жа стварыў нябёсы. 6 Велічнасць і прыгажосць перад абліччам Яго, магутнасць і аздоба — у свяцілішчы Яго. 7 Прыносьце Госпаду, сем’і народаў, прыносьце Госпаду хвалу і магутнасць, 8 Прыносьце Госпаду хвалу імя Яго. Прыносьце ахвяры і ўваходзьце ў дзядзінец Яго. 9 Пакланіцеся Госпаду са святой урачыстасцю. Трымці перад абліччам Яго, уся зямля. 10 Кажыце сярод народаў: Госпад заваладарыў, бо Ён выправіў сусвет, які не пахіснецца; будзе судзіць Ён народы па справядлівасці. 11 Хай весяляцца нябёсы і радуецца зямля, хай шуміць мора і ўсё, што яго запаўняе. 12 Хай цешацца палі і ўсё, што на іх. Тады ўзрадуюцца ўсе лясныя дрэвы, 13 перад абліччам Госпада, бо Ён прыходзіць, бо Ён прыходзіць судзіць зямлю. Будзе Ён судзіць сусвет справядліва і народы паводле Сваёй праўды. |
© МХРБ «Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь», 2017
Bible Society of Belarus (the Republic of)