Біблія онлайн

Аб'явы

Усю біблію Стары Запавет Новы Запавет


МАРКА 9 - Кнігі Святога Пісання - Біблія - Біблія — пераклад Чарняўскага (выданне 2017 года) Кнігі Святога Пісання - Біблія - Біблія — пераклад Чарняўскага (выданне 2017 года)
МАРКА 9

1 І казаў ім: «Сапраўды кажу вам: некаторыя, што стаяць тут, не пакаштуюць смерці, перш чым не ўбачаць, як Валадарства Божае прыйшло ў магутнасці».

2 І праз шэсць дзён Ісус бярэ Пётру, і Якуба, і Яна і вядзе іх адных на высокую гару. І перамяніўся перад імі.

3 Адзенне Яго заззяла і стала белым, як снег, як на зямлі бялільшчык выбеліць не зможа.

4 І з’явіўся ім Ілля з Майсеем, і гаварылі з Ісусам.

5 І, кажучы, гаворыць Пётра Ісусу: «Рабі, добра нам тут быць, зробім тры палаткі: Табе адну, і Майсею адну, і Іллі адну».

6 Бо сам не ведаў, што гаворыць, бо надта былі спалоханы.

7 І з’явілася воблака, засланяючае іх, ды голас выйшаў з воблака: «Гэта Сын Мой улюбёны, Яго слухайце!»

8 І яны, зараз жа паглядзеўшы навокал, апрача Ісуса, нікога больш не ўбачылі каля сябе.

9 І, калі яны сыходзілі з гары, загадаў ім Ён, каб нікому не расказвалі, што бачылі, пакуль Сын Чалавечы не ўваскрэсне з мёртвых.

10 І яны стрымалі слова, толькі між сабой разважалі, што гэта значыць: «уваскрэснуць з мёртвых».

11 Дык пыталі Ісуса: «Чаму гэта кніжнікі кажуць, што трэба, каб перш прыйшоў Ілля?»

12 А Ён гаворыць ім: «Ілля, калі прыйдзе перш, направіць усё; і, як напісана аб Сыне Чалавечым, будзе шмат цярпець, і будзе пагарджаны.

13 Але Я вам кажу: і Ілля прыйшоў, і з ім зрабілі, як хацелі, як аб ім напісана».

14 І, вяртаючыся да вучняў, убачыў вакол іх вялікі натоўп кніжнікаў, што спрачаліся з імі.

15 І адразу, ўбачыўшы Ісуса, увесь народ здзівіўся і, падбягаючы, вітаў Яго.

16 І спытаўся ў іх: «Пра што спрачаецеся між сабой?»

17 І нехта з натоўпу адказаў: «Настаўнік, я прывёў да Цябе сына майго, які мае духа нямога.

18 І ён, дзе толькі наваліцца на яго, кідае яго, так што пеніцца ён і скрыгоча зубамі свімі ды пруцянее. Дык прасіў я вучняў Тваіх, каб яго выгналі, але яны не змаглі».

19 Ён жа, адказваючы ім, кажа: «О род няверны, як доўга буду Я між вамі? Як доўга буду вас цярпець? Прывядзіце яго да Мяне».

20 І прывялі яго да Яго. І калі ўбачыў Яго, зараз жа дух пачаў ім тузаць ды, кінуўшы на зямлю, качаў яго, выціскаючы пену.

21 І запытаўся ў бацькі: «Як даўно яму гэта прычынілася?» А ён сказаў: «Ад дзяцінства;

22 і часта кідаў яго нават у агонь і ў ваду, каб яго загубіць, але, калі што можаш, ратуй нас, злітуйся над намі».

23 А Ісус гаворыць яму: «Калі можаш верыць, усё магчыма таму, хто верыць».

24 Адразу бацька хлопчыка, плачучы, гаварыў уголас: «Веру, Госпадзе, дапамажы майму недавер’ю».

25 І, калі Ісус убачыў, што збягаецца натоўп людзей, забараніў нячыстаму духу, кажучы яму: «Дух глухі і нямы! Я загадваю табе: выйдзі з яго і больш не ўваходзь у яго».

26 І той, крычучы і моцна тузаючы ім, выйшаў з яго; і ён зрабіўся як мёртвы, так што многія гаварылі: «Ён памёр».

27 Ісус жа, узяўшы яго за руку, падняў яго, і ён устаў.

28 І, калі Ён увайшоў у дом, вучні Яго ўжо адзін на адзін пыталіся ў Яго: «Чаму мы не змаглі яго выгнаць?»

29 І Ён сказаў ім: «Гэты род ніяк не можа выйсці, акрамя як праз [пост і] малітву».

30 І, выйшаўшы адтуль, праходзілі праз Галілею; і Ён не хацеў, каб хто пра гэта ведаў.

31 Бо навучаў вучняў Сваіх і казаў ім: «Сын Чалавечы будзе выдадзены ў рукі людзей, і яны заб’юць Яго, але, забіты, Ён на трэці дзень ўваскрэсне».

32 Ды яны слоў гэтых не разумелі і баяліся Яго пытацца.

33 І прыбылі ў Кафарнаўм. І, калі былі ў доме, спытаў Ён іх: «Аб чым вы ў дарозе разважалі між сабою?»

34 Але яны маўчалі, бо ў дарозе спрачаліся між сабой, хто з іх большы.

35 І Ісус, сеўшы, паклікаў дванаццаць, і гаворыць ім: «Калі хто хоча быць першым, будзь з усіх апошнім ды ўсіх паслугачом».

36 І, узяўшы дзіця, паставіў яго між імі, і прытуліў яго, і сказаў ім:

37 «Калі хто ў імя Маё прыме адно з такіх дзяцей, Мяне прымае, а хто Мяне прыме, той не Мяне прымае, але Таго, Хто Мяне паслаў».

38 Сказаў Яму Ян: «Настаўнік, мы бачылі некага, які ў імя Тваё выганяў дэманаў, які не ходзіць за намі, і мы забаранілі яму, бо ён не ходзіць за намі».

39 Ісус жа гаворыць: «Не забараняйце яму, бо ніхто, хто чыніць цуды ў імя Маё, не можа зараз жа блага гаварыць пра Мяне.

40 Бо хто не супраць вас, той за вас.

41 Бо хто падасць вам кубак вады ў імя Маё, таму што вы – Хрыстовы, сапраўды кажу вам: не страціць узнагароды сваёй.

42 А хто згоршыць аднаго з гэтых малых, што вераць у Мяне, такому лепш было б, каб прычапілі жоран млынавы на шыю яго і кінулі ў мора.

43 І, калі рука твая горшыць цябе, адсячы яе. Бо лепш табе калекаю ўвайсці ў жыццё, чым, маючы абедзве рукі, пайсці ў пекла, у агонь нязгасны,

44 дзе чарвяк іх не памірае і агонь не згасае.

45 І калі нага твая згаршае цябе, адсячы яе. Лепш табе кульгаваму ўвайсці ў жыццё, чым, маючы абедзве нагі, быць укінутым у агонь незгасальны,

46 дзе чарвяк іх не памірае і агонь не згасае.

47 І калі вока тваё горшыць цябе, выдзяры яго, бо лепш табе ўвайсці ў Валадарства Божае аднавокім, чым, маючы двое вачэй, быць укінутым у пекла,

48 дзе чарвяк іх не памірае ды агонь не згасае.

49 Бо кожны агнём будзе пасолены, і ўсякая ахвяра соллю пасоліцца.

50 Соль добрая, а калі соль звятрэе, дык чым яе прысаліць? Майце ў сабе соль і мірна жывіце між сабою».

© МХРБ «Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь», 2017 

Bible Society of Belarus (the Republic of)