Біблія онлайн

Аб'явы

Усю біблію Стары Запавет Новы Запавет


ВЫСЛОЎІ 22 - Кнігі Святога Пісання - Біблія - Біблія — пераклад Чарняўскага (выданне 2017 года) Кнігі Святога Пісання - Біблія - Біблія — пераклад Чарняўскага (выданне 2017 года)
ВЫСЛОЎІ 22

1 Лепш імя добрае, чым вялікае багацце, лепш ласка добрая, чым срэбра і золата.

2 Сустракаюцца багаты і бедны: абодвух іх Творца — Госпад.

3 Разважлівы бачыць ліха і хаваецца; легкаверныя ідуць туды, і ім чыніцца шкода.

4 Узнагарода пакорлівасці — страх Госпадаў, багацце і слава, і жыццё.

5 Калючкі і пасткі на дарозе нясталага; а хто вартаўнік душы сваёй — далёка адыходзіць ад іх.

6 Настаўляй юнака ў пачатку дарогі яго; нават калі састарэе, ён не сыдзе з яе.

7 Багаты распараджаецца беднымі; а хто прымае пазычанае — раб таго, хто пазычае.

8 Хто сее несправядлівасць, той збярэ ліха, і розга гневу яго скончыцца.

9 Будзе дабраславёны той, хто мае добрае вока, бо з хлеба свайго дае беднаму.

10 Прагані насмешніка — і знікне разам з ім сварка; спыняцца спрэчкі і ганьба.

11 Хто любіць чысціню сэрца, той будзе мець сябрам цара з-за ласкі вуснаў сваіх.

12 Вочы Госпадавы берагуць веды, а словы несправядлівага скідваюць.

13 Гультай кажа: «Леў знадворку, прападу я на сярэдзіне вуліцы».

14 Глыбокая яма — вусны жонкі чужой; на каго загневаецца Госпад, той упадзе ў іх.

15 У сэрцы юнака змяшчаецца бязглуздасць, і розга настаўлення прагоніць яе.

16 Ты прыгнятаеш беднага? Сам ён павялічыць сваё багацце. Ты дарыш багацейшаму? Сам збяднееш.

17 Нахілі вуха сваё і слухай словы мудрых; а сэрца сваё прыкладзі да маіх ведаў,

18 бо будуць яны вельмі прыгожыя, калі зберажэш іх у чэраве тваім, і разальюцца яны на вуснах тваіх.

19 Каб была ў Госпадзе надзея твая, я гавару табе сёння аб гэтым.

20 Ці не апісваў я табе гэта заўчора ў намерах і ведах,

21 каб паказаць табе трываласць слоў праўды, каб адказаў ты таму, хто паслаў цябе?

22 Не чыні гвалту беднаму, таму што ён бедны, і не зневажай таго, хто жыве ў галечы,

23 бо Госпад будзе разбіраць справу іх і пазбавіць Ён жыцця рабаўнікоў.

24 Не будзь сябрам чалавеку гняўліваму і не хадзі з чалавекам нястрыманым,

25 каб выпадкова не навучыцца сцежкам яго і не атрымаць спакусы для душы сваёй.

26 Не будзь з тымі, што даюць сваю заруку і што прапануюць сябе паручыцелямі за даўгі.

27 Бо калі не маеш адкуль пакрываць [доўг], то ў чым прычына таго, каб узялі ложак твой з-пад цябе?

28 Не перанось межы старадаўнія, якія вызначылі бацькі твае.

29 Бачыш чалавека, руплівага ў сваёй справе: будзе ён стаяць перад царамі, а не перад людзьмі простымі.

© МХРБ «Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь», 2017 

Bible Society of Belarus (the Republic of)