Biblia Todo Logo
Біблія онлайн
- Аб'явы -

ВЫСЛОЎІ 21 - Кнігі Святога Пісання - Біблія - Біблія — пераклад Чарняўскага (выданне 2017 года)

1 Сэрца цара ў руцэ Госпада — як ручаі водаў: Ён паверне яго, куды пажадае.

2 Усякая дарога чалавека здаецца яму вернай, але Госпад узважвае сэрцы.

3 Тварыць міласэрнасць і законнасць больш падабаецца Госпаду, чым крывая ахвяра.

4 Гордасць вачэй і фанабэрыстасць сэрца — светач бязбожнікаў — грэх.

5 Намеры кемлівага — заўсёды для прыбытку, а ўсякі паспешлівы — заўсёды ў галечы.

6 Хто збірае скарбы падманным языком, той будзе кінуты ў пасткі смерці.

7 Раз’ятранасць бязбожнікаў скіне іх, бо не пажадалі яны тварыць законнасць.

8 Нясталы шлях — чужы для чалавека; а хто чысты, таго справа верная.

9 Лепей сядзець у кутку гарышча, чым са сварлівай [жонкай] — у агульным доме.

10 Душа бязбожніка жадае ліха; над ім не злітуецца блізкі яго.

11 Калі пакараюць насмешніка, просты чалавек паразумнее; а калі вучаць мудрага — ён набудзе веды.

12 Справядлівы назірае за домам бязбожніка: як упадаюць бязбожныя у няшчасце.

13 Хто вуха сваё затыкае на лямант беднага, той і сам будзе лямантаваць, але не будзе выслуханы.

14 Падарунак патаемны спыняе гнеў, а падарунак за пазухай — найвялікшае абурэнне.

15 Тварыць законнасць — гэта радасць для справядлівага і пагібель для тых, хто чыніць несправядлівасць.

16 Чалавек, які сыдзе з дарогі разважлівасці, прабудзе на сходзе мёртвых.

17 Хто любіць балі — будзе ў галечы, не ўзбагаціцца, хто любіць віно і тлустую ежу.

18 Збаўленне за справядлівага — бязбожнік, а за прастадушных — несправядлівы.

19 Лепей жыць на пустыннай зямлі, чым з жонкай сварлівай і запальчывай.

20 Жаданы скарб і тлушч у жыллі мудрага, а неразважлівы чалавек прамантачыць яго.

21 Хто ідзе ўслед за справядлівасцю і міласэрнасцю, той знойдзе жыццё, і справядлівасць, і славу.

22 Уваходзіць мудры ў горад дужых і знішчае цытадэль іх упэўненасці.

23 Хто беражэ вусны свае і язык свой, той беражэ душу сваю ад бед.

24 Пыхлівы і фанабэрысты завецца насмешнікам, што дзейнічае ў пыхлівым гневе.

25 Жаданні гультая забіваюць, бо рукі яго не жадаюць нічога рабіць:

26 увесь дзень ён жадае і прагне; а справядлівы — той, хто раздае і не шкадуе.

27 Ахвяры бязбожнікаў — агідныя, тым болей, што прапаноўваюцца яны са злачынства.

28 Ілжэсведка загіне, чалавек пакорлівы будзе гаварыць на перамогу.

29 Бязбожны чалавек упарціцца ў поглядзе сваім; а той, хто верны, — выпраўляе дарогу сваю.

30 Няма мудрасці, ані разважлівасці, ані законнасці супраць Госпада.

31 Каня рыхтуюць на дзень вайны, але выратоўвае Госпад.

© МХРБ «Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь», 2017 

Bible Society of Belarus (the Republic of)
Сачыце за намі:



Аб'явы