ВЫСЛОЎІ 23 - Кнігі Святога Пісання - Біблія - Біблія — пераклад Чарняўскага (выданне 2017 года)1 Калі ты ўсеўся, каб есці з кіраўніком, назірай уважліва, што пастаўлена перад тварам тваім, 2 і прыстаў нож да свайго горла, калі ты прагны. 3 Не жадай ад ежы яго, бо гэта хлеб падманны. 4 Не клапаціся пра багацце, але адпачывай у разважлівасці сваёй. 5 Калі павернеш вочы свае да багацця — яго ўжо няма, бо крылы сабе прыправіць; бо зробіць яно сабе крылы, як у арла, і паляціць у неба. 6 Не снедай з чалавекам зайздросным і не жадай ежы яго; 7 бо, як лічыць ён у душы сваёй, — такі і сам ён. «Снедай і пі», — кажа ён табе, а розум яго — не з табою. 8 Лусту, што ты з’еў, — вырыгнеш, і дарэмна растраціш прыгожыя размовы свае. 9 Не гавары ў вушы неразумных, бо пагрэбуюць яны ведамі языка твайго. 10 Не перанось даўнейшай мяжы, на ніву сірот не ўваходзь: 11 бо ў іх ёсць магутны Збавіцель, і Ён Сам будзе супраць цябе разбіраць справу іх. 12 Прывядзі сэрца сваё да ведаў, а вушы свае — да слоў ведаў. 13 Не пазбаўляй юнака настаўлення; бо калі ўдарыш яго розгаю — не памрэ: 14 ты ўдарыш яго дубцом і душу яго вызваліш ад пекла. 15 Сыне мой, калі мудрым будзе сэрца тваё, будзе цешыцца з табою і маё сэрца, 16 і паясніца мая будзе радавацца, калі вусны твае будуць казаць вернае. 17 Хай не зайздросціць сэрца тваё грэшнікам, але ўвесь дзень жыві ў страху Госпадавым; 18 бо ёсць будучыня ў цябе, і не аднімецца твая надзея. 19 Слухай, мой сыне, і будзь мудры, і роўна па дарозе накіроўвай душу тваю. 20 Не будзь на балях п’яніцаў ані на баляваннях цела, 21 бо п’яніца і гуляка збяднеюць, а дрымотны апранецца ў лахманы. 22 Слухай бацьку свайго, які парадзіў цябе, і не будзь пагардлівы, калі састарэе маці твая. 23 Купляй праўду і не прадавай; купляй мудрасць, і веды, і розум. 24 Узрадуецца радасцю бацька справядлівага; а хто парадзіў мудрага — узвесяліцца ў ім; 25 хай радуюцца твой бацька і маці твая, хай радуецца тая, што нарадзіла цябе. 26 Сыне мой, дай мне сваё сэрца, хай вочы твае зберагуць шляхі мае. 27 Бо яма глыбокая — распусніца, а чужая жанчына — цеснае падзямелле. 28 бо расстаўляе яна пасткі на дарозе, быццам разбойнік, і памнажае несправядлівых сярод людзей. 29 У каго: «Гора»? У каго: «Ах»? У каго сваркі? У каго скарга? У каго раны без прычыны? У каго памутненне вачэй? 30 У тых, хто прабывае ў віне і ідзе, каб пакаштаваць змяшанага [віна]. 31 Не глядзі на віно, як яно чырванее, як гожа блішчыць у кубку, як лёгка цячэ праз горла, 32 бо ўрэшце рэшт — укусіць, як гадзюка, свой яд, як вужака, запусціць. 33 Вочы твае ўбачаць рэчы дзіўныя, а сэрца тваё будзе гаварыць нясталае; 34 і будзеш ты, як той, што спіць сярод мора, і быццам той, што заснуў на мачце карабля: 35 «Пабілі мяне, а мне не было балюча, ударылі мяне, а я нічога не адчуў; калі прачнуся — ізноў буду шукаць гэта». |
© МХРБ «Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь», 2017
Bible Society of Belarus (the Republic of)