Біблія онлайн

Аб'явы

Усю біблію Стары Запавет Новы Запавет


ЁВА 37 - Кнігі Святога Пісання - Біблія - Біблія — пераклад Чарняўскага (выданне 2017 года) Кнігі Святога Пісання - Біблія - Біблія — пераклад Чарняўскага (выданне 2017 года)
ЁВА 37

1 Гэтага спалохалася маё сэрца, і зрушылася яно са свайго месца.

2 Слухайце гук голасу Яго і грымоты, якія выходзяць з Яго вуснаў.

3 Праз усе нябёсы Ён коціць яго, і бляск яго аж да краю зямлі.

4 За ім прагрыміць гром, загучыць голасам велічы сваёй; і не затрымае яго, пакуль не будзе пачуты голас Яго.

5 Будзе грымець дзівосна голасам Сваім Бог, Які чыніць вялікае і непазнавальнае.

6 Ён загадвае снегу, каб сышоў на зямлю, і дажджам зімовым, і ліўню, каб яны ўзмацняліся.

7 Ён кладзе пячатку на руку ўсіх людзей, каб кожны ведаў справы свае.

8 Увойдзе звер у логавішча і будзе жыць у пячоры сваёй.

9 З поўдня прыйдзе навальніца, а з поўначы — холад.

10 З подыхам Божым з’яўляецца лёд, і паверхня вады сціскаецца.

11 Маланка вылятае з хмары, і хмары распускаюць святло сваё;

12 яны асвятляюць усё наўкола, куды б ні накіравала іх воля Стырнавога, да ўсяго, пра што б ні загадваў Ён ім на абліччы зямнога свету,

13 ці то на пакаранне зямлі сваёй, ці то з міласэрнасці Ён загадвае, каб яны з’явіліся.

14 Выслухай гэта, Ёве, і ўстань і паразважай пра Божыя цуды.

15 Ці ты ведаеш, калі загадаў Бог, каб хмары Яго заяснелі святлом?

16 Ці зведаў ты вялікія шляхі хмар і пра цуды Таго, Хто ў мудрасці дасканалы?

17 Ці не цёплае тваё адзенне, калі зямля супачыла ад паўднёвага ветру?

18 Ты, можа, з Ім расцягнуў нябёсы, надзвычай цвёрдыя, быццам вылітыя з медзі?

19 Навучы нас, што маем сказаць Яму? Мы ў гэтай цемры не можам выбраць слоў.

20 Хто раскажа Яму, што я гавару? А калі б і сказаў, чалавек будзе паглынуты.

21 А цяпер яны не бачаць святла: паветра закрыта хмарамі, але пройдзе вецер і разгоніць іх.

22 З поўначы прыходзіць залатое надвор’е, а вакол Бога — велічнасць страшлівая.

23 Спасцігнуць Усемагутнага мы не можам: Ён магутны ў сіле; і ўсё ж такі і суд, і вялікую справядлівасць не прыціскае.

24 Дзеля таго хай шануюць Яго людзі, бо не паглядзіць Ён на ўсіх тых, што здаюцца сабе мудрымі сэрцам».

© МХРБ «Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь», 2017 

Bible Society of Belarus (the Republic of)