ЁВА 38 - Кнігі Святога Пісання - Біблія - Біблія — пераклад Чарняўскага (выданне 2017 года)1 Тады Госпад з віхуры сказаў Ёву ў адказ: 2 «Хто гэта, што неразумнымі словамі зацямняе задуму? 3 Перапаяшы, як мужчына, сцёгны свае, і Я буду пытацца ў цябе, і ты тлумач Мне. 4 Дзе ты быў, калі Я закладваў падмурак зямлі? Адкажы Мне, калі маеш розум. 5 Хто даў меру ёй, ці ты ведаеш? Або хто працягнуў над ёй вяроўку мерную? 6 На чым замацавана апірышча яе? Або хто залажыў кутні камень яе, 7 калі гаманілі разам зоркі раннія і калі радасна цешыліся ўсе сыны Божыя? 8 Хто зачыніў мора брамамі, калі вырывалася яно, нібы з улоння выходзячы, 9 калі апранаў у хмары яго і ў імглу яго, як у пялёнкі, спавіваў? 10 Я акрэсліў яго сваімі межамі і паставіў загарадку і брамы, 11 і сказаў: “Дасюль дойдзеш, а далей не пяройдзеш, і тут разаб’еш узбураныя хвалі твае”. 12 Ці загадваў ты па днях сваіх світанню і ці вызначаў зараніцы месца яе, 13 і, калі б ты трымаў за канцы зямлю, ці выкалачаны былі б бязбожнікі з яе? 14 Той, хто пад пячаткай, зменіцца, як гліна, і стане, як адзенне каляровае. 15 Будзе забранае ў бязбожных святло іх, і зламаецца рука ўзнесеная. 16 Ці даходзіў ты да крыніц мора, і ці хадзіў па дне бяздоння? 17 Ці адкрытыя былі табе брамы смерці, і ці бачыў ты дзверы цемры? 18 Ці аглядаў ты абшары зямлі? Раскажы Мне, калі ведаеш усё. 19 Пры якой дарозе святло жыве, і дзе месца цемрадзі, 20 каб давёў ты кожнае паасобку да межаў сваіх і зразумеў шляхі дому яго? 21 Ты ведаеш, бо тады ты быў ужо народжаны, і лічба дзён тваіх вельмі вялікая! 22 Ці даходзіў ты да сховішча снегу і ці бачыў ты сховішчы граду, 23 якія падрыхтаваў Я на час гора і на дзень бою і вайны. 24 Па якім шляху разліваецца святло, разыходзіцца палючы вецер па зямлі? 25 Хто вызначыў накірунак самай гвалтоўнай навальніцы і шлях для грымотнай маланкі, 26 каб ліў дождж на зямлю бязлюдную, у пустыні, дзе няма ніводнага са смяротных, 27 каб насыціць бездарожжа і пустэчу і каб вырасціць траву на засохлай зямлі? 28 Хто ёсць бацька дажджу? Або хто нарадзіў кроплі расы? 29 З чыйго нутра нарадзіўся лёд, і хто нарадзіў іней на небе? 30 Як камень, вада цвярдзее, і паверхня бяздоння сціскаецца. 31 Ці здолееш злучыць шэраг зорак Пляядаў або ці зможаш развязаць пояс Арктура? 32 Ці выведзеш Паўночную Карону ў свой час, і Мядзведзіцу з сынамі ты павядзеш? 33 Ці ведаеш ты законы неба і ці можаш напісаць іх на зямлі? 34 Ці ўздымеш свой голас да хмар, і каб хвалі вады накрылі цябе? 35 Ці пашлеш ты бліскавіцы, і ці пойдуць яны і скажуць табе: “Мы тут”? 36 Хто ўклаў у нутро ібіса мудрасць, і хто пеўню даў розум? 37 Хто з мудрасцю размяркуе хмары, і хто зрушыць бурдзюкі нябесныя, 38 калі пыл становіцца цвёрдай зямлёй, а глеба зліпаецца? 39 Ці львіцы ты наловіш здабычы і душы львянят яе задаволіш, 40 калі яны вылежваюцца ў логавах або ў гушчары пільнуюць у засадзе? 41 Хто гатуе крумкачу страву яго, калі дзеці яго, туляючыся, клічуць да Бога, бо не маюць ежы? |
© МХРБ «Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь», 2017
Bible Society of Belarus (the Republic of)