ЁВА 36 - Кнігі Святога Пісання - Біблія - Біблія — пераклад Чарняўскага (выданне 2017 года)1 І ў дадатак Элію вось што сказаў: 2 «Пачакай мяне хвілінку, і я пакажу табе: бо я маю яшчэ нешта сказаць пра Бога. 3 Паўтару навуку маю здалёк і Творцу майму аддам справядлівасць. 4 Бо праўдзівыя і без падману словы мае, і перад табой [я] дасканалы ў веданні. 5 Не дасць Бог магутны і не адкідае Магутны моцаю сэрца, 6 не дасць Ён жыць бязбожніку, але чыніць суд для бедных. 7 Не адверне Ён ад справядлівага вачэй сваіх і цароў на пасадзе размяшчае на векі, і яны ўзвышаюцца. 8 І, калі яны будуць закаваныя ў кайданы і звязаныя путамі бядоты, 9 Ён пакажа ім справы іх і злачынствы іх, што яны былі гвалтоўныя. 10 І адкрые Ён вуха іх, каб навучыць іх з дакорам, і будзе гаварыць ім, каб адвярнуліся ад злачыннасці. 11 Калі паслухаюцца і будуць шанаваць Яго, то пражывуць свае дні ў дабрабыце і свае гады ў шчасці. 12 А калі не паслухаюцца, то пройдуць праз раку смерці і загінуць у безразважнасці. 13 А бязбожнікі складаць будуць гнеў Божы ў сваім сэрцы і не прызавуць Яго, калі будуць скаваныя. 14 Памрэ ў маладосці дух іх, і жыццё іх — у юнацтве. 15 Ён уратуе беднага ад нястачы яго і адкрые вуха ў бядзе яго. 16 Дык выбавіць Ён цябе з уціску, і будзе прастора, а не цяснота перад табою, і будзе поўнае тлушчу ўсё на стале тваім. 17 Справа твая асуджана, быццам бязбожніка; яны атрымаюць суд і справядлівасць. 18 Сцеражыся, каб не звяло цябе багацце і мноства дароў не скрывіла цябе. 19 Ці будзеш ты крычаць і выкарыстоўваць усе намаганні сілы тваёй, пакуль ты не ў цясноце? 20 Не чакай прагна той ночы, каб узняўся натоўп дзеля іх. 21 Сцеражыся, каб не звярнуўся да злачынства, бо праз яго спазнаеш ты гора. 22 Вось жа, Бог высокі ў моцы Сваёй, які настаўнік падобны да Яго? 23 Хто зможа прасачыць дарогі Яго, або хто можа Яму сказаць: “Ты ўчыніў несправядлівасць”? 24 Памятай, каб услаўляць справу Яго, пра якую спяваюць мужы. 25 Усе людзі бачаць Яго, кожны прыглядаецца здалёк. 26 Вось жа, Бог вялікі і пераўзыходзіць веданне наша; лік гадоў Яго невызначальны. 27 Ён збірае кроплі дажджу і вылівае ліўні ракою, 28 іх праліваюць хмары, скропліваючы многіх людзей. 29 Хто, сапраўды, можа зразумець разлегласць хмар, грымоты палаткі Яго? 30 Вось, Ён расцягнуў вакол Сябе маланкі Свае і накрыў глыбіні мора. 31 Праз іх Ён судзіць народы і шчодра корміць іх. 32 У руках сваіх Ён трымае маланку і загадвае ёй, каб біла. 33 Грукат яе паведамляе аб ёй, палаючы гневам супраць злачыннасці. |
© МХРБ «Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь», 2017
Bible Society of Belarus (the Republic of)