1 І сказаў у адказ Ёў: 2 «Як жа выслухаў ты кволага? І [так] ты падтрымліваеш плячо таго, хто нядужы? 3 Якую параду даў ты таму, хто не мае мудрасці? І разважнасць сваю паказаў ты вялікую. 4 Каго ты захацеў павучыць? І чый гэта дух, што выходзіць з цябе? 5 Вось жа цені дрыжаць пад водамі і тыя, што жывуць разам з імі. 6 Пекла аголена перад Ім, і няма ніякай заслоны для Абадону. 7 Ён расцягвае поўнач над пусткаю і павесіў зямлю на нічым. 8 Ён закрывае воды ў хмарах Сваіх, каб не зліваліся яны адначасна на зямлю. 9 Ён закрывае выгляд пасада Свайго, расцягваючы над ім хмару Сваю. 10 Ён акрэсліў наўкола мяжу водам, аж пакуль скончацца святло і цемра. 11 Слупы нябесныя дрыжаць і баяцца гневу Яго. 12 Магутнасцю Сваёю Ён прыстрашыў мора і мудрасцю Сваёй перамог Рагаба. 13 Дух Яго распагодзіў нябёсы, і рука Яго знішчыла ўцякаючага скарпіёна. 14 Вось такія межы шляхоў Яго; і, паколькі мы чулі хіба што малую кроплю слоў Яго, то хто змог бы адчуваць грымоты велічы Яго?» |
© МХРБ «Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь», 2017
Bible Society of Belarus (the Republic of)