Biblia Todo Logo
Біблія онлайн
- Аб'явы -

ЁВА 27 - Кнігі Святога Пісання - Біблія - Біблія — пераклад Чарняўскага (выданне 2017 года)

1 І дадаў Ёў, прцягваючы прыпавесць сваю, і сказаў:

2 «Жыве Бог, Які пазбавіў мяне суда, і Усемагутны, Які прывёў да горычы душу маю,

3 бо, пакуль яшчэ трывае дыханне ўва мне і [пакуль] Дух Божы — у ноздрах маіх,

4 не скажуць вусны мае несправядлівасці і язык мой не будзе гаварыць хлусні!

5 Барані, Божа, каб я лічыў вас справядлівымі; пакуль не памру, не адступлюся ад сваёй невінаватасці.

6 Апраўдання свайго, якога пачаў я трымацца, не адкіну, не асуджае мяне сэрца маё за цэлае жыццё маё.

7 Непрыяцель мой хай будзе, як бязбожнік, і праціўнік мой — як злачынца.

8 Якая ж надзея бязбожніка, калі сцінае, калі забірае Бог душу яго?

9 Ці выслухае Бог крык яго, калі прыйдзе да яго бяда?

10 Ці зможа ён цешыцца Усемагутным і прызываць Бога ўвесь час?

11 Я апавяшчу вам пра руку Божую, нічога не буду ўтойваць з таго, што мае Усемагутны.

12 Вось жа, вы ўсё гэта бачылі, дык нашто пустая гаворка без прычыны?

13 Такая вось доля грэшнага чалавека ў Бога і спадчына крыўдзіцеляў, якую атрымаюць ад Усемагутнага.

14 Калі размножацца сыны яго, пад мечам будуць, і нашчадкі яго не насыцяцца хлебам.

15 Тыя, што застануцца ад яго, будуць пахаваныя ў згубе, і ўдовы яго не будуць плакаць.

16 Калі наносіць ён срэбра, як пяску, і нарыхтуе адзення, як гліны,

17 ён, сапраўды, прыгатуе, але апранецца ў іх справядлівы, і срэбра падзеліць бязгрэшны.

18 Пабудаваў ён, як павук, дом сабе і, як вартаўнік, зрабіў сабе шалаш.

19 Багаты, калі засне, нічога з сабой не забярэ; расплюшчыць ён вочы свае і нічога не знойдзе.

20 Ахопіць яго нястача, як вада, ноччу прыцісне яго навальніца.

21 Падхопіць яго вецер гарачы і панясе, ды, быццам віхура, сарве яго з месца яго.

22 Ён нашле ўсё гэта на яго і не пашкадуе; і будзе ўцякаць, каб уцячы з рукі Яго.

23 Будзе пляскаць над ім Сваімі рукамі і асвішча яго са Свайго месца.

© МХРБ «Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь», 2017 

Bible Society of Belarus (the Republic of)
Сачыце за намі:



Аб'явы