Біблія онлайн

Аб'явы

Усю біблію Стары Запавет Новы Запавет


ЁВА 5 - Біблія (пераклад В. Сёмухі) Біблія (пераклад В. Сёмухі)
ЁВА 5

Ёў 5

1 Пакліч, калі ёсьць той, хто адкажа табе. Да каго зь сьвятых зьвернешся ты?

2 Так дурнога забівае гнеўлівасьць, і няцямнага губіць дражлівасьць.

3 Бачыў я, як дурны ўкараняецца, і адразу пракляў дом ягоны.

4 Дзеці ягоныя далёкія ад шчасьця, іх будуць біць каля брамы, і ня будзе заступніка.

5 Жніво ягонае зэесьць галодны і праз церне возьме яго, і спрагненыя праглынуць маёмасьць ягоную.

6 Так, ня з пылу выходзіць гора, і не зь зямлі вырастае бяда;

7 а чалавек нараджаецца на пакуту, як іскры, каб імкнуцца ўгору.

8 Але я да Бога зьвярнуўся б, аддаў бы дзею маю Богу,

9 Які творыць дзеі вялікія, бясконца дзівосныя,

10 дае дождж улоньню зямлі і пасылае воды на ўлоньне палёў;

11 прыніжаных ставіць на вышыню, і гаротнікаў узносіць у выратаваньне.

12 Ён разбурае намыслы хітрых, і рукі іхнія не давяршаюць пачатага.

13 Ён ловіць мудрацоў іхняй жа хітрасьцю, і рада хітрых робіцца марнай:

14 удзень яны сустракаюць цемру і аполудні ходзяць вобмацкам, як поначы.

15 Ён ратуе беднага ад меча, ад вуснаў іхніх і ад рукі моцнага.

16 І ёсьць надзея няшчаснаму, і няпраўда стуляе вусны свае.

17 Шчасны чалавек, якога наводзіць на розум Бог, і таму кары Ўсеўладнага не адхіляй,

18 бо Ён спрычыняе раны і Сам перавязвае іх; Ён б'е, і Ягоныя ж рукі ацаляюць.

19 У шасьці бедах ратуе цябе, і ў сёмай не кране цябе ліха.

20 У голад выбавіць цябе ад сьмерці, і на вайне - ад рукі меча.

21 Ад біча языка схаваеш сябе і не збаішся спусташэньня, калі яно прыйдзе.

22 Са спусташэньня і голаду пасьмяешся і зьвяроў зямлі не збаішся,

23 бо з камянямі польнымі ў цябе згода, і зьвяры польныя ў міры з табою.

24 І ўведаеш, што намёт твой у бясьпецы, і будзеш глядзець за домам тваім і ня згрэшыш.

25 І ўбачыш, што насеньне тваё безлічнае, і парасткі твае, як трава на зямлі.

26 Увойдзеш у магілу ў глыбокай старасьці, як укладваюцца снапы пшаніцы сваім часам.

27 Вось, што мы даведаліся; так яно і ёсьць; выслухай гэта і зазнач сабе.