Biblia Todo Logo
Біблія онлайн

- Аб'явы -

ЁВА 4 - Біблія (пераклад В. Сёмухі)


Ёў 4

1 І адказваў Эліфаз Фэманіцянін і сказаў:

2 калі паспрабуем мы сказаць табе слова, - ці ня цяжка будзе табе? Урэшце, хто можа забараніць слова!

3 Вось, ты настаўляў многіх і кволыя рукі падтрымліваў,

4 таго, хто падаў, падымалі словы твае, і аслаблыя калені ты мацаваў.

5 А цяпер дайшло да цябе, і зьнямогся ты; дайшло да цябе, і ты падупаў духам.

6 Богабаязнасьць твая ці ж не павінна быць тваёю надзеяй, і беспахібнасьць шляхоў тваіх - спадзяваньнем тваім?

7 Згадай жа, ці гінуў хто невінаваты, і дзе праведных выкарчоўвалі б?

8 Як я бачыў, дык тыя, што аралі бязбожнае і сеялі ліхое, жнуць яго;

9 ад павеву Божага гінуць і ад духу гневу Ягонага чэзнуць.

10 Рык ільва і голас таго, хто рыкае, моўкне, і зубы львянят крышацца;

11 магутны леў гіне без здабычы, і дзеці ільвіцы расьсейваюцца.

12 І вось да мяне таемна данеслася слова, і вуха маё прыняло нешта ад яго.

13 Сярод разважаньняў пра начныя відзежы, калі сон ахінае людзей,

14 агарнуў мяне жах і дрыгат і скалануў усе косьці мае.

15 І дух прайшоў над мною; дыбарам сталі валасы на мне.

16 Ён стаў, - але я не пазнаў твару ягонага, - толькі аблічча было перад вачыма маімі; ціхі павеў, - і я чую голас:

17 ці ж чалавек справядлівейшы за Бога? і мужчына ці ж чысьцейшы за Творцу свайго?

18 Вось, Ён і слугам Сваім не давярае і ў анёлах Сваіх бачыць заганы:

19 тым болей - у тых, што жывуць у харомінах з гліны, аснова якіх пыл, якія нішчацца хутчэй за моль.

20 З раніцы да вечара яны распадаюцца; ня згледзіш, як яны зьнікнуць зусім.

21 Ці ня гінуць разам зь імі і вартасьці іхнія? Яны паміраюць, не дасягнуўшы мудрасьці.

Сачыце за намі:



Аб'явы