Разьдзел 211 Сэрца валадара ў руцэ ГОСПАДА, як ручаі водаў; Ён скіроўвае яго, куды хоча. 2 Усе шляхі чалавека слушныя ў вачах ягоных, але ГОСПАД узважвае сэрцы. 3 Праведнасьць і суд даспадобы ГОСПАДУ больш, чым ахвяра. 4 Узьнесеныя вочы і надзьмутае сэрца — ніва бязбожнікаў, [і гэта] грэх. 5 Думкі руплівага [прыносяць] прыбытак, а кожны нецярплівы [будзе мець] нястачу. 6 Зьбіраньне скарбаў языком падманлівым — пара, што зьнікае, і шуканьне сьмерці. 7 Злачыннасьць бязбожнікаў зьвернецца на іх, бо яны грэбуюць чыніць суд [справядлівы]. 8 Крывы шлях чалавека нягоднага, а справы чыстага — простыя. 9 Лепей жыць у куце на даху, чым са сварліваю жонкаю ў прасторным доме. 10 Душа бязбожніка жадае зла, ня знойдзе [ласкі] ў вачах ягоных бліжні яго. 11 Калі караюць насьмешніка, неразумны стаецца мудрэйшым, і калі мудрага вучаць, ён здабывае веданьне. 12 Разважае праведнік пра дом бязбожніка, як гінуць бязбожнікі ў ліхоцьці сваім. 13 Хто вушы свае затыкае на крык убогага, той сам будзе клікаць, але ня будзе адказу. 14 Падарунак таемны тушыць гнеў, а гасьцінец у заўлоньне [спыняе] вялікую ярасьць. 15 Правасудзьдзе — радасьць для праведніка і загуба для злачынцаў. 16 Чалавек, які зьбіваецца са шляху розуму, супачыне ў грамадзе памёршых. 17 Хто любіць весяліцца, будзе ў нястачы, а хто любіць віно і алей, ня будзе багатым. 18 Выкупам за праведніка [будзе] бязбожнік, а [выкупам] за правага — ліхадзей. 19 Лепш жыць у зямлі пустыннай, чым з жонкай гняўлівай і сварлівай. 20 Прывабныя скарбы і алей у жытле мудрага, а бязглузды чалавек змарнуе іх. 21 Хто імкнецца да праведнасьці і міласэрнасьці, знойдзе жыцьцё, праведнасьць і славу. 22 Мудры ўвойдзе ў горад магутных і зрыне моц, у якой яны мелі пэўнасьць. 23 Хто захоўвае вусны свае і язык свой, захоўвае душу сваю ад бедаў. 24 Свавольны і дзёрзкі, называны блюзьнерам, робіць усё ў шале нахабства. 25 Жаданьне гультая заб’е яго, бо рукі ягоныя адмаўляюцца працаваць. 26 Кожны дзень ён жадае і прагне, а праведнік дае і не шкадуе. 27 Ахвяра бязбожнікаў — брыдота, тым больш [брыдотныя] тыя, якія складаюць яе з падступнасьцю. 28 Сьведка хлусьлівы згіне, а чалавек, які слухае, будзе гаварыць заўсёды. 29 Чалавек бязбожны ўпарты абліччам сваім, а правы разумее шлях свой. 30 Няма мудрасьці, і няма розуму, і няма рады насуперак ГОСПАДУ. 31 Каня рыхтуюць на дзень бітвы, але перамога — ад ГОСПАДА. |