Біблія онлайн

Аб'явы

Усю біблію Стары Запавет Новы Запавет


ЁВА 27 - Біблія (пераклад А.Бокуна) Біблія (пераклад А.Бокуна)
ЁВА 27

Ёў 27

1 І працягваў Ёў прамову сваю, і сказаў:

2 «На жыцьцё Бога, Які адкінуў суд мой, і на Усемагутнага, Які да горычы давёў душу маю,

3 пакуль яшчэ трывае дыханьне ў-ва мне, і пакуль Дух Божы ў ноздрах маіх,

4 ня скажуць вусны мае няпраўды, і язык мой ня будзе гаварыць хлусьні.

5 Далёкі я ад таго, каб лічыць вас праведнымі. Пакуль не памру, не адступлюся ад нявіннасьці маёй.

6 У праведнасьці маёй буду трымацца моцна і не адкіну яе, ня будзе дакараць сэрца маё дзён [жыцьця] майго.

7 Няхай будзе як бязбожнік вораг мой, і той, хто паўстае супраць мяне — як злачынца.

8 Якая надзея крывадушніка, калі ён будзе адсечаны, калі Бог забярэ душу ягоную.

9 Ці выслухае Бог крык ягоны, калі прыйдзе да яго бяда?

10 Ці зможа ён цешыцца Усемагутным і клікаць Бога ўвесь час?

11 Я навучу вас пра руку Божую, нічога не схаваю пра Усемагутнага.

12 Вось, вы ўсё гэта бачылі, дык навошта пустая гаворка?

13 Такая вось доля чалавека ліхога і спадчына крыўдзіцеля, якую атрымаюць яны ад Усемагутнага.

14 Калі памножацца сыны ягоныя, упадуць ад мяча, і нашчадкі ягоныя не насыцяцца хлебам.

15 Хто застанецца ад іх, тых зьнішчыць зараза, і ўдовы ягоныя ня будуць плакаць.

16 Калі назьбірае ён срэбра, як пяску, і нарыхтуе адзеньня, як гліны,

17 ён, прыгатуе, але апранецца праведнік, і срэбра падзеліць нявінны.

18 Пабудаваў ён, як павук, дом сабе, і як вартаўнік зрабіў сабе будан.

19 Багатым кладзецца спаць, і такім не ўстае, расплюшчыць вочы свае — і няма нічога.

20 Ахопяць яго жахі, як паводка, і ўначы схопіць яго бура.

21 Падхопіць яго вецер усходні і панясе, і віхура адарве яго ад месца ягонага.

22 Ён кіне яго і не пашкадуе, хоць будзе ўцякаць з рукі Ягонай.

23 Будуць пляскаць над ім рукамі сваімі і засьвішчуць над ім на кожным месцы.