1 І другі раз было слова Госпада да Ярэміі, калі ён быў яшчэ ўвязнены на вартавым падворку, што казала: 2 «Гэта кажа Госпад, Які задумаў стварыць гэта, Госпад, Які задумаў уфармаваць тое і ўмацаваць, імя Яму — Госпад: 3 “Пакліч Мяне, і Я выслухаю цябе і абвяшчу табе справы вялікія і недасяжныя, якіх ты не ведаеш”. 4 Бо вось што кажа Госпад, Бог Ізраэля, пра дамы гэтага горада і пра дамы цара Юдэйскага, якія знішчаныя дзеля ўмацаванняў і дзеля бітвы 5 тых, якія ідуць, каб ваяваць з халдэямі і каб напоўніць іх трупамі людзей, якіх Я забіў у лютасці Сваёй і ў гневе Сваім, бо Я схаваў аблічча Сваё перад гэтым горадам дзеля ўсякае ліхоты іх: 6 “Вось, Я загаю яму рану і вылечу ды аздараўлю іх, поруч выяўлю ім шчодрасць супакою і праўды. 7 І змяню долю Юды і долю Ізраэля, і адбудую іх як на пачатку. 8 І ачышчу іх ад усіх іх злачынстваў, якімі яны грашылі супраць Мяне, і спагадны буду дзеля ўсіх іх злачынстваў і правін, якіх дапусціліся яны перада Мною, пагардзіўшы Мною. 9 І будзе ён Мне імем, і радасцю, і хвалою, і весялосцю перад усімі народамі зямлі, якія пачуюць пра ўсе дабрадзействы, якія ім задумаў зрабіць. І будуць яны баяцца і дрыжаць дзеля ўсяго дабра і ўсялякага супакою, які Я ўчыню ім”. 10 Гэта кажа Госпад: “На гэтым месцы, аб якім вы кажаце, што гэта пустэча, бо няма людзей і жывёлы ў гарадах Юды і на вуліцах Ерузаліма, якія апусцелі ды абязлюдзелі, без жыхароў і без жывёлы, будзе чутны яшчэ 11 голас радасці і голас весялосці, голас жаніха і голас нявесты, голас тых, што кажуць, складаючы ахвяры падзякі ў доме Госпада: “Хваліце Госпада Магуццяў, бо добры Госпад, бо на векі міласэрнасць Яго!”, бо Я вярну, як раней, долю гэтае зямлі”, — кажа Госпад. 12 Гэта кажа Госпад Магуццяў: “На месцы гэтым спустошаным, без людзей і без жывёлы, і ва ўсіх гарадах яго будзе зноў прыстанішча для пастухоў, якія гоняць статак на адпачынак. 13 У гарадах горных ды ў гарадах Сэфэлі, у гарадах паўднёвых і ў зямлі Бэньяміна, у ваколіцах Ерузаліма і ў гарадах Юды зноў будуць пераходзіць статкі праз рукі таго, хто іх лічыць”, — кажа Госпад. 14 “Вось, надыходзяць дні, — кажа Госпад, — і Я споўню добрае слова, якое абвясціў Я дому Ізраэля і дому Юды. 15 У тых днях і ў тым часе Я вырашчу Давіду патомства справядлівае, і будзе яно чыніць закон і справядлівасць на зямлі. 16 У тыя дні Юда будзе збаўлена і Ерузалім будзе жыць бяспечна. І вось імя, якім назаве яго: “Госпад — справядлівасць наша”. 17 Бо вось што кажа Госпад: “Не забракуе Давіду мужа, які сядзе на пасадзе дому Ізраэля. 18 І святарам-левітам не забракуе мужа перад абліччам Маім, які будзе складаць цэласпаленні, паліць ахвяры з ежы і прыносіць ахвяру ва ўсе дні”. 19 І было слова Госпада да Ярэміі, якое казала: 20 гэта кажа Госпад: “Калі можа быць парушаны запавет Мой з днём і запавет Мой з ноччу, так што не будзе дня і ночы ў свой час, 21 то можа быць парушаны Мой запавет з Маім паслугачом Давідам, каб не было ад яго сына, які валадарыў бы на пасадзе яго, і з святарамі-левітамі, паслугачамі Маімі. 22 Як незлічоныя ёсць зоркі нябесныя і як без ліку пяску марскога, так Я памножу патомства паслугача Майго Давіда і паслугачоў Маіх, левітаў”. 23 І было слова Госпада да Ярэміі, што казала: 24 “Ці не заўважыў ты, што гэты народ прамовіў, кажучы: “Два роды, якія выбраў Госпад, адкінуты!”, і пагарджаюць народам Маім, як быццам ён ужо не народ для іх. 25 Гэта кажа Госпад: “Калі не ўсталяваў Я Майго запавету між днём і ноччу, калі не ўсталяваў Я закону для неба і зямлі, 26 тады Я адкіну патомства Якуба і Давіда, паслугача Майго, і не вазьму з семя яго валадароў для семя Абрагама, Ізаака і Якуба. Але Я змяню лёс іх і пашкадую іх”. |
© МХРБ «Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь», 2017
Bible Society of Belarus (the Republic of)