ЕРАМІІ 34 - Кнігі Святога Пісання - Біблія - Біблія — пераклад Чарняўскага (выданне 2017 года)1 Слова, якое было Ярэміі ад Госпада, што казала, калі Набукаданосар, цар Бабілона, з усім сваім войскам, і ўсе царствы зямлі, якія былі пад яго рукою, поруч усе народы ваявалі супраць Ерузаліма і супраць усіх гарадоў яго: 2 гэта кажа Госпад, Бог Ізраэля: “Ідзі і гавары цару Юдэйскаму Сэдэцыі, і скажы яму: гэта кажа Госпад: “Вось, Я аддам гэты горад у рукі цара Бабілона, і той спаліць яго агнём. 3 І ты не ўцячэш ад рукі яго, але будзеш схоплены і выдадзены ў рукі яго, і вочы твае ўбачаць вочы цара Бабілона, і вусны яго будуць гаварыць тваім вуснам, і пойдзеш ты ў Бабілон. 4 Паслухай, аднак, слова Госпадава, Сэдэцыя, цар Юдэйскі. Гэта кажа Госпад аб табе: “Ты не памрэш ад меча, 5 але памрэш ты у супакоі, і падобна, як палілі духмянасці для бацькоў тваіх, папярэдніх цароў, якія былі перад табою, так будуць паліць і табе. І будуць таксама галасіць па табе “О гора, валадару”, бо Я сказаў слова”, — кажа Госпад». 6 І сказаў прарок Ярэмія усе гэтыя словы Сэдэцыі, цару Юдэйскаму, у Ерузаліме. 7 А войска цара Бабілона ваявала супраць Ерузаліма ды супраць усіх гарадоў юдэйскіх, якія яшчэ былі супраць Лахіса і Азэкі, бо толькі гэтыя ўмацаваныя гарады трымаліся спаміж усіх гарадоў юдэйскіх. 8 Слова, якое было Ярэміі ад Госпада па заключэнні царом Сэдэцыем пагаднення з усім народам у Ерузаліме, абвяшчаючы ім свабоду, 9 каб кожны адпусціў на свабоду нявольніка свайго ды кожны нявольніцу сваю, гебрая і гебрайку, і каб ніхто не трымаў у няволі іх, — гэта значыць юдэя, брата свайго. 10 Усе магнаты і ўвесь народ, які заключыў запавет, згадзіліся выпусціць на свабоду кожны свайго нявольніка і кожны сваю нявольніцу і больш не трымаць іх у няволі, — паслухаліся і адпусцілі іх на волю. 11 Потым, аднак, змянілі рашэнне і вярнулі назад нявольнікаў і нявольніц сваіх, якіх ужо адпусцілі на свабоду, і прымусілі, каб і далей былі нявольнікамі і нявольніцамі. 12 І было слова Госпада да Ярэміі, ад Госпада кажучы: 13 «Гэта кажа Госпад, Бог Ізраэля: “З вашымі бацькамі ў дзень, калі вывеў іх з зямлі Егіпецкай, з дому няволі, Я заключыў запавет, які гаварыў: 14 “Калі спаўняецца сем гадоў, хай кожны адпусціць на волю брата свайго, гебрая, які запрадаўся яму ў няволю і служыў шэсць гадоў, тады адпусці яго ад сябе як чалавека свабоднага!” Ды бацькі вашы не паслухалі Мяне і не нахілілі вуха свайго. 15 А вы навярнуліся сёння і зрабілі тое, што справядліва на віду ў Мяне, абвяшчаючы вызваленне кожны блізкаму свайму, і заключылі запавет перад абліччам Маім у доме, над якім прызывана імя Маё. 16 Вы, аднак, змянілі меркаванне і зняважылі імя Маё, і вярнулі кожны свайго нявольніка ды кожны — сваю нявольніцу, якіх адпусцілі, каб былі яны свабоднымі і дзеяздольнымі, і вы прымусілі іх, каб былі яны вам нявольнікамі і нявольніцамі”. 17 Таму вось што кажа Госпад: “Вы не паслухалі Мяне, каб абвясціць волю кожны брату свайму і кожны блізкаму свайму; вось, Я абвяшчаю вам свабоду, — кажа Госпад, на меч, пошасці і голад і зраблю вас страхоццем для ўсіх царстваў зямных. 18 А з людзьмі, якія парушылі запавет Мой, якія не пільнаваліся слоў запавету, з якім яны згадзіліся на віду ў Мяне, Я зраблю, як з цялём [ахвярным], якое разрэзалі на дзве часткі і прайшлі між паловамі яго. 19 Князі юдэйскія і князі Ерузаліма, еўнухі, святары і ўвесь народ зямлі, — тыя, хто прайшлі між паловамі цяляці; 20 дык аддам Я іх у рукі ворагаў іх ды ў рукі тых, што цікуюць на іх душы. І будуць трупы іх пажываю для птушак паднебных і звяроў зямных. 21 А Сэдэцыю, цара Юдэйскага, і князёў яго аддам у рукі ворагаў іх ды ў рукі тых, што цікуюць на душы іх, у рукі войска цара Бабілона, якое цяпер адступіла ад вас. 22 Вось, Я даю загад, — кажа Госпад, — і прывяду іх зноў у гэты горад, і будуць яны ваяваць супраць яго, і здабудуць яго, і спаляць агнём, і гарады юдэйскія зраблю пустыняй, бо не будзе жыхара”». |
© МХРБ «Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь», 2017
Bible Society of Belarus (the Republic of)