1 Мудры сын любіць настаўленне бацькі, насмешнік не слухае, калі яго ганяць. 2 З плода вуснаў сваіх чалавек жывіцца дабром, а душа крывадушніка — гвалтам. 3 Хто вусны свае беражэ — беражэ душу сваю, а хто летуценны ў размове, — таму бяда. 4 Гультай хоча, а не мае, а душа працавітых насыціцца. 5 Справядлівы адмовіцца ад ілжывага слова, а бязбожнік сарамаціць і ганьбіць. 6 Справядлівасць беражэ бязгрэшнага ў дарозе, а бязбожнасць ставіць падножку грэшніку. 7 Ёсць той, хто быццам лічыцца за багача, хаця нічога не мае; і ёсць той, хто быццам лічыцца за беднага, хаця ў яго багацця шмат. 8 Выкуп душы чалавека — яго багацце, а хто бедны — не вытрымлівае папроку. 9 Святло справядлівых весяліць, а каганец бязбожнікаў тухне. 10 Між пыхліўцаў — толькі сваркі, а ў пакорлівых — мудрасць. 11 Маёмасць ад марнасці паменшыцца, а хто збірае ў руку — памнажае. 12 Надзея, што доўга не здзяйсняецца, вынішчае душу, а жаданне, што здзяйсняецца, — дрэва жыцця. 13 Хто пагарднае словам робіць, той сам прычыняе шкоду сабе; а хто паважае пастанову, таму адплаціцца. 14 Закон мудрага — крыніца жыцця, каб пазбегнуць путаў смерці. 15 Добры розум выклікае ласку, а на шляху несумленных — бездань. 16 Кожны разумны чалавек дзейнічае з розумам; а неразумны выяўляе бязглуздасць. 17 Бязбожны вяшчун трапляе ў бяду, а верны пасол — здароўе. 18 Беднасць і ганьба таму, хто пагарджае настаўленнем; а хто верыць таму, хто ганіць, — будзе ў пашане. 19 Жаданне, калі споўніцца, цешыць душу, а бязглуздыя адмаўляюцца бегчы ад ліха. 20 Хто з мудрымі ходзіць — будзе мудрым, а сябар бязглуздых зробіцца ліхім. 21 За грэшнікамі гоніцца ліха, а дабром адплаціцца справядлівым. 22 Добры чалавек пакідае спадкаемцамі сыноў і ўнукаў, а маёмасць грэшніка зберагаецца для справядлівага. 23 Многа хлеба бывае і на нівах бедных, а ёсць і той, хто гіне, бо не хапае законнасці. 24 Ненавідзіць сына свайго той, хто шкадуе розгі, а хто любіць яго, той заўжды выхоўвае яго. 25 Справядлівы насычае і напаўняе душу сваю, а чэрава бязбожнікаў — ненаеднае. |
© МХРБ «Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь», 2017
Bible Society of Belarus (the Republic of)