Biblia Todo Logo
Біблія онлайн
- Аб'явы -

ВЫСЛОЎІ 12 - Кнігі Святога Пісання - Біблія - Біблія — пераклад Чарняўскага (выданне 2017 года)

1 Хто любіць настаўленне — любіць веды; а хто ненавідзіць папрокі, той неразумны.

2 Хто добры — знойдзе ласку ад Госпада; а чалавека хітрага Сам Ён асудзіць.

3 Не ўзмацніцца чалавек з бязбожнасці, а корань справядлівых не пахіснецца.

4 Дабрадзейная жонка — вянец для свайго мужа; і быццам гніенне ў касцях яго — тая, што несумленная.

5 Думкі справядлівых — разважлівасць; а парады бязбожнікаў — мана.

6 Словы бязбожнікаў учыняюць засаду дзеля забойства, а вусны справядлівых вызваляюць іх.

7 Знішчаюцца бязбожнікі — і ўжо няма іх, а дом справядлівых застанецца.

8 Пахваляць чалавека за яго веды; а той, хто дрэнны ў сэрцы, будзе занядбаны.

9 Лепей быць бедным, але працаваць на сябе, чым фанабэрыстым і не мець хлеба.

10 Справядлівы рупіцца аб жыцці жывёлы сваёй; а нутро бязбожнікаў — лютае.

11 Хто сваю зямлю апрацоўвае — насыціцца хлебам, а хто ганяецца за прывідамі — неразумны.

12 Бязбожнік жадае пасткі найгоршых, а корань справядлівых палепшыцца.

13 Ліхі чалавек трапляе ў пастку з-за грахоў сваіх вуснаў, а справядлівы пазбегне няшчасця.

14 З плода вуснаў сваіх кожны напоўніцца дабром, і паводле ўчынкаў рук яго адплоціцца яму.

15 Шлях бязглуздага — роўны ў вачах яго, а хто мудры — слухае парады.

16 Неразумны адразу выяўляе гнеў свой, а разумны ўтойвае гнеў.

17 Хто гаворыць праўду, той — вяшчун справядлівасці, а лжэсведка — маны.

18 Ёсць той, што гаворыць неабдумана, і ён, быццам мечам, ударае, а язык мудрых — здароўе.

19 Вусны праўды будуць трывалымі ў вечнасці, а язык хлуслівы — у моманце.

20 Хітрасць у сэрцы тых, хто задумвае ліха; а хто абдумвае мірныя парады, за тымі следам ідзе радасць.

21 Ніякая загуба не здарыцца са справядлівымі, а бязбожнікі напоўняцца ліхам.

22 Агіднасць для Госпада — вусны лжывыя, а тыя, што робяць сумленна, — падабаюцца Яму.

23 Разумны чалавек свае веды хавае, а сэрца неразумных падбухторвае да бязглуздасці.

24 Рука моцных будзе ўладарыць, а тая, што апусцілася, будзе ў паслушэнстве.

25 Сум у сэрцы чалавека будзе прыгнятаць яго, а развесяліць яго добрая размова.

26 Справядлівы вядзе сябра да праўды, а шлях бязбожнікаў падмане іх.

27 Не засмажыць лянота здабычу сваю, а ў чалавека руплівага будзе каштоўная маёмасць.

28 На сцежцы справядлівасці — жыццё, але ёсць таксама шлях, што адкрыты для смерці.

© МХРБ «Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь», 2017 

Bible Society of Belarus (the Republic of)
Сачыце за намі:



Аб'явы