1 Гэтага спалохалася маё сэрца, і зрушылася яно са свайго месца. 2 Слухайце гук голасу Яго і грымоты, якія выходзяць з Яго вуснаў. 3 Праз усе нябёсы Ён коціць яго, і бляск яго аж да краю зямлі. 4 За ім прагрыміць гром, загучыць голасам велічы сваёй; і не затрымае яго, пакуль не будзе пачуты голас Яго. 5 Будзе грымець дзівосна голасам Сваім Бог, Які чыніць вялікае і непазнавальнае. 6 Ён загадвае снегу, каб сышоў на зямлю, і дажджам зімовым, і ліўню, каб яны ўзмацняліся. 7 Ён кладзе пячатку на руку ўсіх людзей, каб кожны ведаў справы свае. 8 Увойдзе звер у логавішча і будзе жыць у пячоры сваёй. 9 З поўдня прыйдзе навальніца, а з поўначы — холад. 10 З подыхам Божым з’яўляецца лёд, і паверхня вады сціскаецца. 11 Маланка вылятае з хмары, і хмары распускаюць святло сваё; 12 яны асвятляюць усё наўкола, куды б ні накіравала іх воля Стырнавога, да ўсяго, пра што б ні загадваў Ён ім на абліччы зямнога свету, 13 ці то на пакаранне зямлі сваёй, ці то з міласэрнасці Ён загадвае, каб яны з’явіліся. 14 Выслухай гэта, Ёве, і ўстань і паразважай пра Божыя цуды. 15 Ці ты ведаеш, калі загадаў Бог, каб хмары Яго заяснелі святлом? 16 Ці зведаў ты вялікія шляхі хмар і пра цуды Таго, Хто ў мудрасці дасканалы? 17 Ці не цёплае тваё адзенне, калі зямля супачыла ад паўднёвага ветру? 18 Ты, можа, з Ім расцягнуў нябёсы, надзвычай цвёрдыя, быццам вылітыя з медзі? 19 Навучы нас, што маем сказаць Яму? Мы ў гэтай цемры не можам выбраць слоў. 20 Хто раскажа Яму, што я гавару? А калі б і сказаў, чалавек будзе паглынуты. 21 А цяпер яны не бачаць святла: паветра закрыта хмарамі, але пройдзе вецер і разгоніць іх. 22 З поўначы прыходзіць залатое надвор’е, а вакол Бога — велічнасць страшлівая. 23 Спасцігнуць Усемагутнага мы не можам: Ён магутны ў сіле; і ўсё ж такі і суд, і вялікую справядлівасць не прыціскае. 24 Дзеля таго хай шануюць Яго людзі, бо не паглядзіць Ён на ўсіх тых, што здаюцца сабе мудрымі сэрцам». |
© МХРБ «Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь», 2017
Bible Society of Belarus (the Republic of)