Біблія онлайн

Аб'явы

Усю біблію Стары Запавет Новы Запавет


ЭКЛЕЗІЯСТА 10 - Біблія (пераклад В. Сёмухі) Біблія (пераклад В. Сёмухі)
ЭКЛЕЗІЯСТА 10

Экл 10

1 Мёртвыя мухі псуюць і смуродзяць пахучую масьць міраварніцы, тое самае робіць малая дурнота шаноўнага чалавека зь яго мудрасьцю й гонарам.

2 Сэрца мудрага - праваруч, а сэрца бязглуздага - леваруч.

3 І па дарозе, калі дурань ідзе, не стае яму глузду, і кожнаму пакажа, што ён дурны.

4 Калі ўспыхне начальніцкі гнеў на цябе, не пакідай свайго месца; бо рахманасьць даводзіць да дараваньня вялікіх правінаў.

5 Ёсьць зло, якое бачыў я пад сонцам, падобнае да памылкі, якая ад валадара паўстала:

6 на вялікіх вышынях, бывае, сядзіць дурнота, а багатыя нізка садзяцца;

7 бачыў я конных рабоў, а князёў, што пеша, нібы рабы, хадзілі.

8 Хто яму капае, той у яе і ўпадзе, і хто разбурае агароджу, таго ўкусіць зьмяя.

9 Хто зносіць каменьне, той можа сябе надсадзіць, і хто коле дровы, той мае пагрозу ад іх.

10 Калі прытупляецца сякера і хтось ляза не навострыць, шмат намогі дадаць давядзецца; перавага плённае дзеі - мудрасьць.

11 Калі гадзіна ўкусіць без заклінаньня, дык ня лепшы за яе і злоязыкі.

12 Слова з вуснаў мудрага - мілата, а вусны дурнога яго ж і нішчаць:

13 пачатак слоў зь яго вуснаў - глупства, а канец яго казані з вуснаў - шаленства.

14 Дурны шмат чаго нагаворыць, хоць ня ведае чалавек, што будзе, і хто скажа яму, што пасьля яго станецца?

15 Праца дурнога стамляе яго, бо ён і ня ведае нават дарогі да горада.

16 Гора табе, зямля, калі цар твой - дзіця і калі ўладыкі твае ядуць рана!

17 Шчасьце табе, зямля, калі цар твой з высокага роду і ўладыкі твае ядуць у назначаны час, каб мацавацца, а не разьядацца!

18 Ад гультайства і столь прасядае; і як апусьцяцца рукі, дык дом пацячэ.

19 Гасьціны спраўляюць для асалоды, і віно зьвесяляе жыцьцё; а за ўсё адказвае срэбра.

20 Нават і ў думках тваіх не ліхаслові цара, і ў спальні тваёй не ліхаслові багатага; бо і птушка нябесная можа словы твае перанесьці, а крылатая - казань тваю пераказаць.