Biblia Todo Logo
Біблія онлайн
- Аб'явы -

ЭКЛЕЗІЯСТА 11 - Біблія (пераклад В. Сёмухі)


Экл 11

1 Хлеб свой пускай па вадзе, час міне, і зноў знойдзеш яго.

2 Давай частку на сем і нават на восем, бо ня ведаеш, якая нагода чакае зямлю.

3 Як напоўняцца хмары, яны выльюць дождж на зямлю; і як паваліцца дрэва на поўдзень, на поўнач, так і ляжацьме, як яно ўпала.

4 Хто зважае на вецер, той сеяць ня будзе; і хто паглядае на хмары, ня будзе той жаць.

5 Як ня ведаеш ты дарогі вятроў і таго, як ствараюцца косьці ва ўлоньні ў цяжарнай, так ня можаш ты ведаць і дзеяў Бога, Які робіць усё.

6 Раніцай сей насеньне тваё і ўвечары не давай адпачынку руцэ; бо ня ведаеш ты, ці тое, ці іншае дасьць большы плён альбо тое і іншае будзе аднолькава добра.

7 І сьвятло салодкае, і добра вачам бачыць сонца.

8 Калі чалавек пражывае многа гадоў, хай весяліцца ўвесь час праз гады, і хай памятае пра цёмныя дні, якіх будзе шмат: усё, што будзе, - марнасьць!

9 Весяліся, хлопча, у юнацтве тваім, і хай сэрца тваё вясёлае будзе ва ўсе дні маладосьці тваёй, і хадзі пуцявінамі сэрца твайго і сьветлым бачаньнем вачэй тваіх; толькі ведай, што за ўсё гэта Бог пакліча на суд.

10 І смутак гані ад сэрца твайго, і адпрэчвай благое ад цела твайго, бо маладосьць і маленства - марнасьць!

Сачыце за намі:



Аб'явы