Біблія онлайн

Аб'явы

Усю біблію Стары Запавет Новы Запавет


РЫМЛЯНАЎ 3 - Біблія (пераклад В. Сёмухі) Біблія (пераклад В. Сёмухі)
РЫМЛЯНАЎ 3

Рым 3

1 Дык вось, у чым жа перавага быць Юдэем, альбо якая карысьць ад абразаньня?

2 Вялікая, ва ўсіх праявах, а найперш у тым, што ім даверана слова Божае.

3 Бо што ж? калі некаторыя ня верылі, хіба ж няверства іхняе зьнішчыць вернасьць Божую?

4 Зусім не. Бог верны, а кожны чалавек ілжывы, як напісана: «Ты праведны ў словах Тваіх і пераможаш, у судзе Тваім».

5 А калі нашая няпраўда выяўляе праўду Божую, дык што скажам? няўжо будзе Бог несправядлівы, калі паказвае гнеў? - кажу, па-чалавечы разважаючы.

6 Зусім не. Бо як жа тады Богу судзіць сьвет?

7 Бо, калі вернасьць Божая ўзвышаецца маёю нявернасьцю на славу Божую, завошта яшчэ мяне ж судзіць, як грэшніка?

8 І ці ж не рабіць нам зло, каб выйшла на дабро, як некаторыя ўпікаюць нас і кажуць, быццам мы гэтак вучым? Справядлівы суд на такіх.

9 Дык што ж? ці маем мы перавагу? Зусім не; бо мы ўжо даказалі, што як Юдэі, так і Эліны, усе пад грэхам,

10 як напісана: «няма праведнага аніводнага;

11 няма, хто разумеў бы; няма, хто Бога шукаў бы;

12 усе зьбіліся з тропу, нягодныя сталіся ўсе: няма, хто тварыў бы дабро, няма аніводнага».

13 Горла іхняе - дамавіна адчыненая, лісьлівяць яны языком; атрута асьпідаў у іх на губах;

14 вусны ў іх поўныя ліхаслоўя і горычы.

15 Ногі ў іх борздыя на праліваньне крыві;

16 разбурэньне і згубнасьць на іхніх дарогах;

17 яны ня ведаюць шляхоў міру.

18 Няма страху Божага перад вачамі ў іх».

19 А мы ведаем, што закон, калі што гаворыць, гаворыць да тых, хто пад законам, так што замыкаюцца ўсякія вусны, і ўвесь сьвет робіцца вінаваты перад Богам,

20 бо дзеямі закона не апраўдаецца перад Ім ніякая плоць; бо законам спазнаецца грэх.

21 Але сёньня, незалежна ад закона, зьявілася праведнасьць Божая, пра якую сьведчаць закон і прарокі,

22 праведнасьць Божая празь веру ў Ісуса Хрыста ва ўсіх і на ўсіх вернікаў; бо няма розьніцы,

23 бо ўсе зграшылі і пазбаўлены славы Божай,

24 атрымліваючы апраўданьне дарам, паводле мілаты Ягонай, адкупленьнем у Ісусе Хрысьце,

25 Якога Бог прынёс у ахвяру ўмілажальваньня ў Крыві Ягонай празь веру, для паказу справядлівасьці Ягонай ў дараваньні грахоў, учыненых раней,

26 у доўгім цярпеньні Божым, для паказу српавядлівасьці Ягонай ў сёньняшні час, - хай зьявіцца Ён справядлівы і апраўдае таго, хто веруе ў Ісуса.

27 Дзе ж тое, чым пахваліцца? зьнішчана. Якім законам? законам учынкаў? Не, а законам веры.

28 Бо мы прызнаём, што чалавек апраўдваецца вераю, незалежна ад дзеяў закона.

29 Няўжо Бог ёсьць Бог Юдэяў толькі, а не й язычнікаў? Вядома, і язычнікаў;

30 бо адзін Бог, Які апраўдае абрэзаных па веры і неабрэзаных празь веру.

31 Дык вось, ці ж мы не касуем закон вераю? Зусім не; а сьцьвярджаем закон.