Biblia Todo Logo
Біблія онлайн
- Аб'явы -

РЫМЛЯНАЎ 4 - Біблія (пераклад В. Сёмухі)


Рым 4

1 Што ж, скажам, Абрагам, бацька наш, набыў па плоці?

2 Калі Абрагам апраўдаўся дзеямі, ён мае пахвалу, але не перад Богам.

3 Бо што кажа Пісаньне? «Паверыў Абрагам Богу, і гэта залічылася яму ў праведнасьць».

4 Плата працаўніку залічваецца не зь мілаты, а з абавязку;

5 а таму, хто не працуе, а верыць у Таго, Хто апраўдвае бязбожнага, вера ягоная залічваецца ў праведнасьць.

6 Так і Давід называе шчасным чалавека, якому Бог залічвае праведнасьць незалежна ад дзеяў:

7 «дабрашчасныя, каму беззаконьні дараваныя і чые грахі пакрытыя;

8 дабрашчасны той чалавек, якому Гасподзь не залічыць грэху».

9 Дабрашчаснасьць гэтая датычыцца абразаньня, ці неабразаньня? Мы кажам, што Абрагаму вера залічылася ў праведнасьць.

10 Калі залічылася? пасьля абразаньня ці да абразаньня? Не пасьля абразаньня, а да абразаньня.

11 І знак абразаньня ён атрымаў, як пячатку праведнасьці празь веру, якую меў у неабразаньні, так што ён стаўся бацькам усіх веруючых у неабразаньні, каб і ім залічылася праведнасьць,

12 і бацькам абрэзаных, ня толькі тых, што прынялі абразаньне, але і тых, што ходзяць па сьлядах веры бацькі нашага Абрагама, якую меў ён у неабразаньні.

13 Бо не законам дадзена Абрагаму, альбо семені ягонаму, абяцаньне - быць спадкаемцам сьвету, а праведнасьцю веры.

14 Калі спадкаемцы тыя, што сьцьвярджаюцца на законе, дык марная вера, нячыннае абяцаньне;

15 бо закон творыць гнеў, таму што дзе няма закона, няма і парушэньня.

16 Такім чынам па веры, каб было зь літасьці, каб абяцаньне было неадменнае ўсім, ня толькі па законе, але і па веры нашчадкаў Абрагама, які ёсьць бацька ўсім нам, -

17 як напісана: «Я паставіў цябе бацькам многіх народаў», - перад Богам, Якому ён паверыў, Які ажыўляе мёртвых і называе няіснае, як існае.

18 Ён звыш надзеі, паверыў з надзеяй, праз што зрабіўся бацькам многіх народаў, згодна са сказаным: «Такое шматлікае будзе семя тваё».

19 І, не зьнямогшыся ў веры, ён ня думаў, што цела ягонае, амаль стогадовага, ужо зьмярцьвела, і нутроба Сарыная ў зьмярцьвеньні;

20 не пахіснуўся ў абяцаньні Божым недавярствам, а застаўся цьвёрды ў веры, узьнёсшы славу Богу,

21 і будучы добра ўпэўнены, што Ён мае сілу выканаць абяцанае.

22 Таму і залічылася яму ў праведнасьць.

23 А што залічана было яму, напісана ня толькі яму аднаму,

24 але і нам: залічыцца і нам, што веруюць у Таго, Хто ўваскрэсіў зь мёртвых Ісуса (Хрыста), Госпада нашага,

25 Які прададзены за грахі нашыя і ўваскрэс дзеля апраўданьня нашага.

Сачыце за намі:



Аб'явы