Біблія онлайн

Аб'явы

Усю біблію Стары Запавет Новы Запавет


ЁВА 29 - Біблія (пераклад В. Сёмухі) Біблія (пераклад В. Сёмухі)
ЁВА 29

Ёў 29

1 І гаварыў далей Ёў слова сваё і сказаў:

2 о, калі б я быў, як у ранейшыя месяцы, як у тыя дні, калі Бог асланяў мяне,

3 калі сьвяцільня Ягоная сьвяціла над галавою маёю, і я пры сьвятле Ягоным хадзіў у цемры;

4 як быў я ў дні маладосьці маёй, калі ласка Божая была над намётам маім,

5 калі яшчэ ўсеўладны быў са мною, і дзеці мае вакол мяне,

6 калі шляхі мае абмываліся малаком і скала крынічыла мне ручаі алею!

7 Калі я выходзіў да брамы горада і на плошчы ставіў седзішча сваё,

8 хлопцы, убачыўшы мяне, хаваліся, а старыя ўставалі і стаялі;

9 князі ўстрымліваліся ад прамовы і пальцы клалі на вусны свае;

10 голас знакамітых змаўкаў, і язык у іх прыліпаў да паднябеньня іхняга.

11 Вуха, якое чула мяне, улешчвала мяне; вока, якое бачыла, хваліла мяне,

12 бо я ратаваў пакутніка, які енчыў, і сірату бездапаможнага.

13 Дабраславеньне таго, хто гінуў, прыходзіла на мяне, і сэрцу ўдавы прыносіў я радасьць.

14 Я апрануўся ў праўду, і суд мой апранаў мяне як мантыя і турбан.

15 Я быў вачыма сьляпому і нагамі кульгаваму;

16 бацькам быў я ўбогім і цяжбіну, якое я ня ведаў, разьбіраў уважліва.

17 Крышыў я беззаконнаму сківіцы і з зубоў ягоных вырываў крадзенае.

18 І казаў я: у гнязьдзе маім сканаю, і дзён маіх будзе многа, як пяску;

19 корань мой адкрыты вадзе, і раса начуе на вецьці маім;

20 слава мая ня старыцца, лук мой моцны ў руцэ маёй.

21 Уважалі мне і чакалі, і маўчалі пры радзе маёй.

22 Пасьля слоў маіх ужо не разважалі; мова мая капала на іх.

23 Чакалі мяне, як дажджу, і, як дажджу позьняму, разьзяўлялі вусны свае.

24 Бывала, усьміхнуся ім, - яны ня вераць; і сьвятла твару майго яны не азмрочвалі.

25 Я назначаў шляхі ім і сядзеў на чале і жыў як цар у коле вояў, як суцешнік заплаканых.