Біблія онлайн

Аб'явы

Усю біблію Стары Запавет Новы Запавет


1 ЦАРСТВАЎ 17 - Біблія (пераклад А.Бокуна) Біблія (пераклад А.Бокуна)
1 ЦАРСТВАЎ 17

1 Сам 17

1 І сабралі Філістынцы войскі свае на вайну, і сабраліся ў Соха, што ў Юдэі, і разлажыліся табарам між Соха і Азэкаю ў Эфэс-Даміме.

2 А Саўл і ваяры Ізраільскія сабраліся і разлажыліся табарам у лагчыне Эла, і пашыхтаваліся да бою супраць Філістынцаў.

3 Філістынцы стаялі на схіле гары з аднаго боку, а Ізраільцяне — на схіле гары з другога боку, і разьдзяляла іх лагчына.

4 І выйшаў з шыхтоў Філістынцаў чалавек на імя Галіят з Гату, а быў ён вышынёю ў шэсьць локцяў і адну пядзю.

5 На галаве ён меў мядзяны шалом, адзеты быў у лускаты мядзяны панцыр у пяць тысячаў сыкляў вагі,

6 а на нагах меў ён мядзяныя накаленьнікі, і мядзяны меч за плячыма.

7 Тронак дзіды ягонай быў як навой ткацкі, а вострыва дзіды ягонай важыла шэсьцьсот сыкляў жалеза. Перад ім ішоў [збраяносец], несучы шчыт.

8 І стаў ён насупраць шыхтоў Ізраіля, і крычаў, і казаў ім: «Чаго вы прыйшлі падрыхтаваныя да бою? Ці ж я не Філістынец, і вы — ці ня слугі Саўла? Выберыце спаміж сябе некага, і няхай ён зыйдзе да мяне!

9 Калі зможа ён ваяваць са мною і пераможа мяне, мы будзем нявольнікамі вашымі. А калі я перамагу, і заб’ю яго, вы будзеце нявольнікамі і будзеце нам служыць».

10 І сказаў Філістынец: «Вось, я зьневажаю сёньня дружыны Ізраіля. Дайце мне чалавека, і мы будзем біцца!»

11 І чулі гэтыя словы Філістынца Саўл і ўвесь Ізраіль, і напалохаліся, і вельмі баяліся.

12 А Давід быў сынам Эфрацяніна з Бэтлеему Юдэйскага, імя ягонае — Есэй. Ён меў восем сыноў і ў часы Саўла быў ужо старым і ў гадах пажылых.

13 Тры старэйшыя сыны ягоныя пайшлі з Саўлам ваяваць. Імёны тых трох сыноў ягоных, якія пайшлі на вайну, былі: першародны Эліяў, другі — Абінадаў, а трэці — Шамма.

14 Давід жа быў найменшым. А тры старэйшыя пайшлі за Саўлам.

15 Давід прыходзіў да Саўла і адыходзіў, каб пасьвіць авечак бацькі свайго ў Бэтлееме.

16 А Філістынец выходзіў раніцаю і ўвечары, і выходзіў гэтак сорак дзён.

17 І сказаў Есэй сыну свайму Давіду: «Вазьмі для братоў тваіх эфу пражаных зярнят і дзесяць хлябоў, і занясі хутка братам тваім у табар!

18 І занясі дзесяць кавалкаў сыру для тысячніка, і адведай братоў тваіх, як маюцца, і даведайся патрэбы іхнія».

19 А Саўл і яны, і ўсе сыны Ізраіля ваявалі з Філістынцамі ў лагчыне Эла.

20 І ўстаў Давід раніцаю, і даручыў авечак вартаўніку, і забраў [пасілкі], і пайшоў, як загадаў яму Есэй. І прыйшоў ён у табар, і войска выходзіла ў шыхтах з баявым крыкам.

21 І сталі ў шыхт Ізраільцяне і Філістынцы адны супраць другіх.

22 Давід, скінуўшы з сябе ношу і аддаўшы яе варце ў табары, пабег да дружынаў. І прыбег, і прывітаў братоў сваіх.

23 Калі ён размаўляў з імі, вось, выйшаў з шыхтоў той чалавек на імя Галіят, Філістынец з Гату, і гаварыў тыя самыя словы. І пачуў [гэта] Давід.

24 А ўсе ваяры Ізраільскія, убачыўшы яго, уцякалі ад яго са страхам вялікім.

25 І сказаў адзін з Ізраільцянаў: «Ці бачыце вы чалавека гэтага, які выходзіць? Ён выходзіць, каб зьневажаць Ізраіля. Дык чалавека, які заб’е яго, валадар узнагародзіць багацьцямі вялікімі, і дачку сваю дасьць за жонку, а дом бацькі ягонага вызваліць [ад падатку] ў Ізраілі».

26 І сказаў Давід людзям, што стаялі каля яго, кажучы: «Што дадуць чалавеку, які заб’е Філістынца гэтага і здыме ганьбу з Ізраіля? Бо хто ён, гэты неабрэзаны Філістынец, што так насьміхаецца з войска Бога Жывога?»

27 І сказалі людзі тыя самыя словы, кажучы: «Так зро­біць [валадар] чалавеку, які заб’е яго».

28 І пачуў Эліяў, старэйшы брат ягоны, як ён гаварыў пра гэта з іншымі, і загневаўся Эліяў на Давіда, і сказаў: «Навошта ты прыйшоў і каму пакінуў той малы статак у пустыні ? Я ведаю пыху тваю і ліхоту сэрца твайго, бо ты прыйшоў сюды, каб паглядзець на вайну».

29 І сказаў Давід: «Што я такога зрабіў? Ці ж няможна пра гэта гаварыць?»

30 І адвярнуўся ад яго да іншага, і спытаў тое самае. І людзі адказалі яму тыя словы, што і раней.

31 І пачулі словы, якія гаварыў Давід, і пераказалі Саўлу, і ён паклікаў яго.

32 І сказаў Давід Саўлу: «Няхай ніхто ня падае сэрцам з прычыны [Філістынца]. Слуга твой пойдзе і будзе змагацца супраць Філістынца гэтага».

33 І сказаў Саўл Давіду: «Ня можаш ты ісьці супраць Філістынца гэтага і змагацца суп­раць яго, бо ты — юнак, а ён — ваяр ад маладосьці сваёй».

34 І сказаў Давід Саўлу: «Слуга твой пасьвіў авечак баць­кі свайго, і прыходзіў леў ці мядзь­ведзь, і хапаў барана спаміж статку,

35 а я даганяў яго, біў і вырываў [авечку] з пашчы ягонай. А калі ён выходзіў на мяне, я хапаў яго за сківіцу, і перамагаў яго, і забіваў яго.

36 Нават льва і мядзьведзя перамагаў слуга твой. І гэты неабрэзаны Філістынец [будзе] як адзін з іх, бо ён насьміхаецца з войска Бога Жывога!»

37 І сказаў Давід: «ГОСПАД, Які выратаваў мяне з кіпцюроў льва і мядзьведзя, выратуе мяне і ад рукі Філістынца гэтага». І сказаў Саўл Давіду: «Ідзі, і няхай ГОСПАД будзе з табою».

38 І апрануў Саўл Давіда ў адзеньне сваё, і даў мядзяны шалом на галаву ягоную, і адзеў у панцыр.

39 І падперазаўся Давід мячом ягоным кругом адзеньня, і паспрабаваў хадзіць, бо ня меў [яшчэ] спрактыкаванасьці. І сказаў Давід Саўлу: «Не магу я хадзіць у гэтым, бо нязвыкла мне». І скінуў Давід [усё] з сябе.

40 І ўзяў ён у руку сваю кій свой, і выбраў сабе пяць гладкіх камянёў з ручая, і ўлажыў іх у торбу пастуха, якую меў замест кішэняў, і з пушчалкай у руцэ сваёй накіраваўся да Філістынца.

41 А Філістынец ішоў і набліжаўся да Давіда, і збраяносец нёс шчыт перад ім.

42 І глянуў Філістынец, і ўбачыў Давіда, і пагардзіў ім, бо быў ён яшчэ хлопец, руды і прыгожы тварам.

43 І сказаў Філістынец Давіду: «Ці ж я сабака, што ты ідзеш да мяне з кіем?» І пракляў Філістынец Давіда багамі сваімі.

44 І сказаў Філістынец Давіду: «Хадзі да мяне, і я аддам цела тваё птушкам паднебным і зьвярам палявым».

45 А Давід сказаў Філістынцу: «Ты ідзеш на мяне з мячом, і дзідай, і шчытом, а я іду на цябе ў імя ГОСПАДА Магуцьцяў, Бога войска Ізраіля, з якога ты насьміхаўся.

46 Сёньня аддасьць цябе ГОСПАД у рукі мае, і я перамагу цябе, і адсяку табе галаву тваю, і аддам трупы табару Філістынцаў сёньня птушкам паднебным і зьвярам зямным, і няхай ведае ўся зямля, што ёсьць Бог у Ізраіля.

47 Няхай ведае ўся царква, што ГОСПАД не мячом і дзідай ратуе, бо гэта вайна ГОСПАДА, і Ён выдасьць вас у рукі нашыя».

48 І калі Філістынец устаў, і пайшоў, і набліжаўся да Давіда, Давід хутка пабег на бой насустрач Філістынцу.

49 І ўсунуў Давід руку сваю ў торбу, і ўзяў адтуль камень, і пусьціў яго [пушчалкай], і ўдарыў ім Філістынца ў лоб. І засеў той камень паміж вачэй [Філістынца], і ён упаў абліччам на зямлю.

50 І перамог Давід Філістынца пушчалкай і камянём, і ўдарыў Філістынца, і забіў яго, і мяча не было ў руцэ Давіда.

51 І падбег Давід, і стаў каля Філістынца, і ўзяў меч ягоны, і выцягнуў яго з похваў, і забіў яго, і адсек галаву яму. І ўбачылі Філістынцы, што волат іхні мёртвы, і кінуліся ўцякаць.

52 А ваяры Ізраіля і Юды падняліся, і ўзьнялі гармідар ваенны, і кінуліся ў пагоню за Філістынцамі аж да ўваходу ў даліну і да брамы Экрону. І трупы Філістынцаў ляжалі па дарозе ад Шаараіму аж да Гату і Экрону.

53 І вярнуліся сыны Ізраіля пасьля пагоні за Філістынцамі, і абрабавалі табар іхні.

54 А Давід узяў галаву Філістынца і занёс яе ў Ерусалім, а зброю ягоную палажыў у намёце сваім.

55 Калі Саўл убачыў Давіда, які выходзіў насустрач Філістынцу, ён сказаў Абнэру, начальніку войска: «Абнэр, чый сын юнак гэты?» І сказаў Абнэр: «Як жывая душа твая, валадару, ня ведаю».

56 І сказаў валадар: «Запытайся, чый сын юнак гэты».

57 І калі, забіўшы Філістынца, Давід вярнуўся, узяў яго Абнэр, і прывёў да Саўла, і галава Філістынца [была] ў руцэ ягонай.

58 І сказаў яму Саўл: «Чый ты сын, юнача?» І Давід сказаў: «Я — сын слугі твайго Есэя з Бэтлеему».