Біблія онлайн

Аб'явы

Усю біблію Стары Запавет Новы Запавет


ВЫСЛОЎІ 2 - Біблія (пераклад А.Бокуна) Біблія (пераклад А.Бокуна)
ВЫСЛОЎІ 2

Разьдзел 2

1 Сыне мой, калі ты прыймеш словы мае і захаваеш у сябе прыказаньні мае,

2 прыхіляючы вуха тваё да мудрасьці і схіляючы сэрца тваё да разважлівасьці,

3 калі вось клікаць будзеш розум і голас твой уздымеш, заклікаючы развагу,

4 калі шукаць яе будзеш як срэбра, і прагнуць яе будзеш як багацьця,

5 тады зразумееш страх перад ГОСПАДАМ і знойдзеш пазнаньне Бога.

6 Бо ГОСПАД дае мудрасьць, і з вуснаў Ягоных — веданьне і разуменьне.

7 Ён захоўвае цьвярозы розум правым, Ён — шчыт для тых, якія ходзяць беззаганна.

8 Ён пільнуе сьцежкі правасудзьдзя, захоўвае шляхі багабойных Сваіх.

9 Тады зразумееш праведнасьць, суд і справядлівасьць, і кожны шлях добры,

10 калі ўвойдзе мудрасьць у сэрца тваё, і веданьне ўсьцешыць душу тваю.

11 Разважлівасьць будзе пільнаваць цябе, і розум будзе захоўваць цябе,

12 каб выратаваць цябе ад шляху ліхога і ад чалавека, які гаворыць хлусьліва,

13 ад тых, якія пакідаюць шлях просты, каб хадзіць сьцежкамі цемры,

14 якія цешацца, робячы злое, і радуюцца з ліхіх учынкаў,

15 у якіх шляхі крывыя і якія блукаюцца на сьцежках сваіх,

16 каб выратаваць цябе ад чужой жанчыны і ад чужаніцы, што гаворыць лісьліва,

17 якая пакінула сябра маладосьці сваёй і забылася на запавет Бога свайго.

18 Бо дом яе нахіліўся да сьмерці, і шлях ейны — да мёртвых;

19 усе, хто да яе ўваходзяць, назад не вяртаюцца і не знаходзяць сьцежак жыцьця.

20 Дык хадзі ж ты шляхам добрых і трымайся сьцежкі праведнікаў,

21 бо правыя будуць жыць на зямлі, і беззаганныя застануцца на ёй.

22 А бязбожныя будуць вынішчаны з зямлі, ліхадзеі будуць выкарэнены з яе.